Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЛЬФА-РАСПА́Д,

α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл. Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3·10​-7 с (для ​212Po) да 10​17 гадоў (для ​204Pb).

т. 1, с. 286

А́ЛЬФА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання альфа-часціц. У магнітным альфа-спектрометры α-часціцы праходзяць у вакууме праз магн. поле, перпендыкулярнае напрамку іх руху, адхіляюцца на розныя вуглы ў залежнасці ад іх энергіі і збіраюцца ў розных месцах калектара. Маюць высокую раздзяляльную здольнасць і малую святласілу; выкарыстоўваюцца для даследавання ядраў з перыядам паўраспаду T1/2 < 10​5 ÷ 10​6 гадоў. Іанізацыйны альфа-спектрометр — іанізацыйная камера; выкарыстоўваецца для даследавання ядраў з T1/2 < 10​6 гадоў і ядраў новых элементаў.

Схема руху альфа-часціц з рознай энергіяй у магнітным альфа-спектрометры (магнітнае поле перпендыкулярнае плоскасці чарцяжа).

т. 1, с. 287

А́ЛЬФА-ЧАСЦІ́ЦА, α-часціца,

ядро атама гелію ​42He. Выпрамяняецца некаторымі радыеактыўнымі ядрамі (нуклідамі) і складаецца з 2 пратонаў і 2 нейтронаў, звязаных ядзернымі сіламі. Зарад альфа-часціцы +2, маса 6,644·10​-27 кг, магн. момант і спін роўныя 0. Метады назірання альфа-часціц заснаваны на іанізацыі.

т. 1, с. 287

«А́ЛЬФА РАМЭ́О»

(Alfa Romeo),

назва легкавых аўтамабіляў аднайменнай італьян. фірмы. Выпускаюцца з 1930. З 1986 фірма выпускала аўтамабілі малога і сярэдняга класаў з павышанымі дынамічнымі якасцямі. Рабочы аб’ём рухавікоў 1,2—2,5 л, магутнасць 46—118 кВт, макс. скорасць 150—210 км/гадз.

Аўтамабіль «Альфа Рамэо».

т. 1, с. 286

АЛЬФВЕ́Н

(Alfvén),

Альвен Ханес (н. 30.5.1908, г. Норчэпінг, Швецыя), шведскі фізік і астрафізік. Чл. Шведскай АН (1947), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў ун-т Упсалы (1934). З 1937 у Нобелеўскім ін-це фізікі, з 1940 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па электрадынаміцы, фізіцы плазмы, касм. фізіцы і астрафізіцы. Развіў тэорыю ўзнікнення палярных ззянняў, геамагн. бур і Сонечнай сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970.

т. 1, с. 287

АЛЬФ’Е́РЫ (Alfieri) Віторыо

(16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),

італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут І», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.

В.Альф’еры.

т. 1, с. 287

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я/Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

АЛЬФО́ЛЬ, алюмініевая фольга,

тонкі (0,005—0,2 мм) ліставы ці рулонны алюміній. Выкарыстоўваецца пры вытв-сці кандэнсатараў, для цепла-, гідра- і гукаізаляцыі, як упаковачны матэрыял. Гл. таксама Фольга.

т. 1, с. 287

АЛЬФО́НСЫ

(Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса І [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

АЛЬФО́НС I, Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185),

першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл. Авіскі ордэн).

т. 1, с. 287