Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРХА́НГЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс. км². Насельніцтва 1547,4 тыс. чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г. Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.

Прырода. Размешчана на Пн Усх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял. запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфянаглеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.

Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтры нар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.

П.І.Рогач.

т. 1, с. 517

АРХА́НГЕЛЬСКІ Аляксандр Андрэевіч

(23.10.1846, с. Старое Тэзікава Пензенскай вобл. — 16.11.1924),

рускі харавы дырыжор. Засл. арт. Рэспублікі (1921). Працаваў рэгентам хароў у Пензе і Пецярбургу. Упершыню ўвёў у царк. спевы жаночыя галасы (замест галасоў хлопчыкаў). У 1880 арганізаваў мяшаны хор, з якім канцэртаваў па Расіі. Аўтар хар. твораў, у т. л. духоўных, апрацовак нар. песень. Выдаў серыю «Рэпертуар канцэртаў А.А.Архангельскага» (1893—94).

т. 1, с. 518

АРХА́НГЕЛЬСКІ Аляксандр Сямёнавіч

(24.7.1854, г. Пенза — 24.4.1926),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Скончыў Казанскі ун-т (1876), праф. гэтага ун-та (1882—1908). Асн. працы па стараж.-рус. л-ры, л-ры 19 ст. і тэатры 17—18 ст. У кн. «Нарысы з гісторыі заходнярускай літаратуры XVI—XVII стст.» (1888) пісаў пра бел. л-ру. Даследаваў барацьбу з каталіцызмам на бел. і ўкр. землях, гісторыю царк. брацтваў на Беларусі (у Вільні, Гродне, Магілёве, Брэсце, Мінску, Оршы, Пінску і інш.), славянскае кнігадрукаванне (ад Ш.Фіёля і Ф.Скарыны, са спісам бел. кніг 14—16 ст.), творы палемічнай л-ры («Апокрысіс» Хрыстафора Філалета, «Трэнас» М.Сматрыцкага і інш.), зах.-рус. прапаведнікаў І.Галятоўскага, Л.Барановіча і інш., «Лексіс» Л.Зізанія, «Лексікон» П.Бярынды, «Граматыку» М.Сматрыцкага і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 518

АРХА́НГЕЛЬСКІ Андрэй Дзмітрыевіч

(8.12.1879, г. Разань — 16.6.1940),

рускі геолаг. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1925). Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). Выкладаў у Маскоўскім ун-це, Горнай акадэміі, Межавым і Геолагаразведачным ін-тах. Даследчык геал. будовы Еўрап. часткі СССР, Казахстана, Сярэдняй Азіі і інш. Кіраваў вывучэннем Курскай магнітнай анамаліі. Навук. працы па рэгіянальнай геалогіі, стратыграфіі, тэктоніцы, петраграфіі асадкавых пародаў, палеагеаграфіі і інш. Прэмія імя У.І.Леніна (1928).

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1952—54.

Літ.:

Гордеев Д.И. А.Д.Архангельский, 1879—1940. М., 1981.

т. 1, с. 518

АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,

у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн. м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.

Я.М.Селіцкая.

т. 1, с. 518

АРХА́НТРАПЫ

(ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),

адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб. стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл. Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 518

АРХА́Р,

горны баран, аргалі, аркар, качкар (Ovis ammon), млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.

Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.

т. 1, с. 519

АРХА́РАЎЦЫ,

1) мянушка рас. паліцэйскіх, ад прозвішча маскоўскага обер-паліцмайстра М.П.Архарава (1742—1814).

2) У пераносным сэнсе — адчайныя, вёрткія, валацугі, буяны.

т. 1, с. 519

АРХА́Т,

у будыйскай міфалогіі хінаяны чалавек, які дасягнуў найвышэйшага ўзроўню духоўнага развіцця, т.зв. нірваны. У міфалогіі махаяны стан архата лічыцца не канчатковай мяжой у развіцці асобы, і таму архаты павінны працягваць шлях удасканалення як бадхісатвы (той, хто вырашыў стаць будай).

т. 1, с. 519

АРХЕА...

(ад грэч. archaios старажытны, старадаўні),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «старажытны», «які адносіцца да старажытнасці», напр., археалогія, археаптэрыкс.

т. 1, с. 519