АРХА́Р,

горны баран, аргалі, аркар, качкар (Ovis ammon), млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.

Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)