Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЛЕМЕХАНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс сродкаў тэлемеханікі для перадачы на адлегласць каманд ад аператара (ці кіроўнай ЭВМ) да аб’ектаў кіравання, а таксама кантрольнай, вымяральнай і інш. інфармацыі — у адваротным напрамку. Складаецца з пункта кіравання (ПК), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар), пунктаў, дзе размяшчаюцца аб’екты кіравання (кантролю), і ліній сувязі паміж імі. Складаная Т.с. можа мець некалькі ПК, раўнапраўных ці падпарадкаваных адзін аднаму ў адпаведнасці з іерархічным прынцыпам.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕНО́МУСЫ (Telenomus),

род насякомых сям. сцэліянідаў атр. перапончатакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паразітуюць у яйцах (яйцаеды) матылёў, клапоў, мух. Т. зграбнага (T. gracilis), роўнага (T. Iaeviusculus), шарнірнага (T. verticillatus) выкарыстоўваюць для барацьбы з хваёвым і кольчатым коканапрадамі.

Цела даўж. 0,7—1,5 мм, чорнае. Брушка з яйцакладам на канцы. Развіццё з поўным ператварэннем. За год да 10 пакаленняў. Зімуюць лічынкі ў яйцах гаспадара. Разводзяць і выкарыстоўваюць як рэгулятары колькасці шкодных насякомых, у т. л. сляпнёў, шкоднай чарапашкі.

Тэленомус зграбны.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕПА́ТЫЯ,

гл. ў арт. Парапсіхалогія.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕПІ́НУС, Тэлепіну,

у старажытнай хецкай і хацкай рэлігіях і міфалогіях бог урадлівасці. Лічыўся сынам бога навальніцы Тару. Т. — гал. герой цыкла хецкіх і хацкіх міфаў пра бога, які знікае і вяртаецца. Знікненне Т. звязваецца з яго гневам: у гэты час настае -засуха, свойская жывёла перастае даваць патомства. Калі ўлагоджаны багіняй Камрусепай Т. вяртаецца, на зямлю зноў зыходзіць урадлівасць, а на жывёлу — плоднасць.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕРГО́НЫ (ад тэле... + грэч. ergon работа, уздзеянне),

рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і ўздзейнічаюць на жывёл таго ж (ферамоны) ці інш. віду (кайрамоны, аламоны).

т. 16, с. 118

ТЭЛЕРЭГУЛЯВА́ННЕ,

рэгуляванне параметраў аб’екта кіравання на адлегласці сродкамі тэлемеханікі; від тэлекіравання. Вымяральная інфармацыя аб бягучым значэнні падкантрольнага параметра па канале тэлевымярэння перадаецца на пункт кіравання, дзе параўноўваецца з зададзеным значэннем, сігнал разузгаднення (вынік параўнання) перадаецца на аб’ект кіравання, дзе пераўтвараецца ў кіроўнае ўздзеянне.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕСІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,

перадача на адлегласці дыскрэтнай інфармацыі аб стане падкантрольнага аб’екта (напр., «адкрыта» — «закрыта», «уключана» — «выключана») сродкамі тэлемеханікі; від тэлекантролю. Прызначана для аператыўнага кантролю за выкананнем каманд аператара, перадачы сігналу аб выхадзе параметраў аб’екта па-за дапушчальныя межы ці пра аварыю на аб’екце, а таксама для перадачы дыскрэтнай вымяральнай інфармацыі (гл. Тэлевымярэнні).

т. 16, с. 118

ТЭЛЕСКО́П (ад тэле... + ...скоп) аптычны, прылада для назірання нябесных цел; адзін з найб. важных астранамічных інструментаў і прылад. Пранікальная сіла (зорная велічыня найб. слабых зорак, бачных пры дапамозе Т.) прапарцыянальная плошчы аб’ектыва, моцна залежыць ад якасці оптыкі, яркасці неба, стану атмасферы і інш.

Уяўляе сабой трубу, устаноўленую на манціроўцы з восямі для навядзення Т. на аб’ект і сачэння за ім. Паводле аптычнай схемы адрозніваюць Т. люстраныя (рэфлектары), лінзавыя (рэфрактары) і люстрана-лінзавыя (гл. Максутава тэлескоп). Адпаведна прыёмнікам аптычнага выпрамянення, што выкарыстоўваюцца, Т. бываюць з візуальнай, фатаграфічнай (гл. Астрограф), спектральнай, фотаэл. і інш. рэгістрацыяй. Візуальны Т. мае аб’ектыў і акуляр; павелічэнне аптычнае G = F/f, дзе F і f — фокусныя адлегласці аб’ектыва і акуляра. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. астрафізічныя (для вывучэння зорак, планет, туманнасцей), сонечныя астраметрычныя, спадарожнікавыя камеры, метэорныя патрулі і інш. Гл. таксама Радыётэлескоп.

Літ.:

Михельсон Н.Н. Оптические телескопы: Теория и конструкция. М., 1976;

Оптические телескопы будущего: Пер. с англ. М., 1981;

Максутов Д.Д. Изготовление и исследование астрономической оптики. 2 изд. М., 1984.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕСКО́П (лац. Telescopium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,5 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕСКО́П-ЦЭЛАСТА́Т,

двухлюстраны рэфлектар для атрымання нерухомага відарыса нябесных аб’ектаў у факальнай плоскасці нерухомага акуляра.

Аб’ект назірання (напр., зорка, планета) выбіраецца пры дапамозе плоскага люстра, замацаванага ў карданным падвесе з магчымасцю павароту вакол 2 узаемна перпендыкулярных восей, так, каб вось люстра была бісектрысай вугла паміж аптычнай воссю і воссю зроку аб’ектыва. Т.-ц. выкананы ў выглядзе настольных блокаў, устаноўленых на асобных асновах і звязаных агульнай паверхняй пляцоўкі назірання. Раздзельная ўстаноўка блокаў і карданны падвес (бел. манціроўка) выключылі традыц. трубу, спрасцілі канструкцыю, знізілі масу і інш. Можа выкарыстоўвацца ў стацыянарных і экспедыцыйных умовах на ўсіх геагр. шыротах. Асн. характарыстыкі Т.-ц. «Пегас-2»: аб’ектыў з дыяметрам 320 мм, фокуснай адлегласцю 3437 мм, масай 1,3 кг, плоскае люстра з дыяметрам 400 мм, масай 1,85 кг, Маса Т.-ц. 11,8 кг. Распрацаваны і пабудаваны пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2002).

А.​Ю.​Колас.

Тэлескоп-цэластат «Пегас-2». а — агульны выгляд; б — оптыка-механічная схема: 1 — аснова аб’ектыва; 2 — аб’ектыў; 3 — аптычная вось; 4 — плоскасць нябеснага экватара; 5 — вось плоскага люстэрка; 6 — вось схіленняў (перпендыкулярная плоскасці рысунка); 7 — вось зроку; 8 — кольца карданнага падвесу; 9 — плоскае люстэрка на платформе карданнага падвесу; 10 — палярная вось; 11 — акуляр; 12 — аснова акуляра.

т. 16, с. 118