ТЭЛЕСКО́П (ад тэле... + ...скоп) аптычны, прылада для назірання нябесных цел; адзін з найб. важных астранамічных інструментаў і прылад. Пранікальная сіла (зорная велічыня найб. слабых зорак, бачных пры дапамозе Т.) прапарцыянальная плошчы аб’ектыва, моцна залежыць ад якасці оптыкі, яркасці неба, стану атмасферы і інш.

Уяўляе сабой трубу, устаноўленую на манціроўцы з восямі для навядзення Т. на аб’ект і сачэння за ім. Паводле аптычнай схемы адрозніваюць Т. люстраныя (рэфлектары), лінзавыя (рэфрактары) і люстрана-лінзавыя (гл. Максутава тэлескоп). Адпаведна прыёмнікам аптычнага выпрамянення, што выкарыстоўваюцца, Т. бываюць з візуальнай, фатаграфічнай (гл. Астрограф), спектральнай, фотаэл. і інш. рэгістрацыяй. Візуальны Т. мае аб’ектыў і акуляр; павелічэнне аптычнае G = F/f, дзе F і f — фокусныя адлегласці аб’ектыва і акуляра. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. астрафізічныя (для вывучэння зорак, планет, туманнасцей), сонечныя астраметрычныя, спадарожнікавыя камеры, метэорныя патрулі і інш. Гл. таксама Радыётэлескоп.

Літ.:

Михельсон Н.Н. Оптические телескопы: Теория и конструкция. М., 1976;

Оптические телескопы будущего: Пер. с англ. М., 1981;

Максутов Д.Д. Изготовление и исследование астрономической оптики. 2 изд. М., 1984.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)