ТЭЛЕСКО́П-ЦЭЛАСТА́Т,

двухлюстраны рэфлектар для атрымання нерухомага відарыса нябесных аб’ектаў у факальнай плоскасці нерухомага акуляра.

Аб’ект назірання (напр., зорка, планета) выбіраецца пры дапамозе плоскага люстра, замацаванага ў карданным падвесе з магчымасцю павароту вакол 2 узаемна перпендыкулярных восей, так, каб вось люстра была бісектрысай вугла паміж аптычнай воссю і воссю зроку аб’ектыва. Т.-ц. выкананы ў выглядзе настольных блокаў, устаноўленых на асобных асновах і звязаных агульнай паверхняй пляцоўкі назірання. Раздзельная ўстаноўка блокаў і карданны падвес (бел. манціроўка) выключылі традыц. трубу, спрасцілі канструкцыю, знізілі масу і інш. Можа выкарыстоўвацца ў стацыянарных і экспедыцыйных умовах на ўсіх геагр. шыротах. Асн. характарыстыкі Т.-ц. «Пегас-2»: аб’ектыў з дыяметрам 320 мм, фокуснай адлегласцю 3437 мм, масай 1,3 кг, плоскае люстра з дыяметрам 400 мм, масай 1,85 кг, Маса Т.-ц. 11,8 кг. Распрацаваны і пабудаваны пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2002).

А.​Ю.​Колас.

Тэлескоп-цэластат «Пегас-2». а — агульны выгляд; б — оптыка-механічная схема: 1 — аснова аб’ектыва; 2 — аб’ектыў; 3 — аптычная вось; 4 — плоскасць нябеснага экватара; 5 — вось плоскага люстэрка; 6 — вось схіленняў (перпендыкулярная плоскасці рысунка); 7 — вось зроку; 8 — кольца карданнага падвесу; 9 — плоскае люстэрка на платформе карданнага падвесу; 10 — палярная вось; 11 — акуляр; 12 — аснова акуляра.

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)