Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),

млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т.л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.

Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.

т. 9, с. 157

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т.л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.М.Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

ЛАТЭ́НТНЫ ПЕРЫ́ЯД, скрыты перыяд,

1)у фізіялогіі — час ад моманту ўздзеяння на арганізм, орган, клетку раздражняльніка да праяўлення рэакцыі ў адказ. Працягласць Л.п. залежыць ад філагенет. і індывід. развіцця арганізма, яго функцыян. стану, складанасці рэакцыі і хуткасці працэсаў у цэнтр. і перыферычных звеннях нерв. сістэмы. Устанаўленне Л.п. мае значэнне ў медыцыне (вызначэнне функцыі здаровага і хворага арганізма), псіхалогіі.

2) Л.п. цяжарнасці — часовая затрымка ў развіцці аплодненага яйца некат. млекакормячых. Напр., апладненне ў барсука адбываецца ў летне-асенні перыяд, а паскоранае развіццё яйцаклеткі — у канцы зімы, таму цяжарнасць працягваецца 9 і болей месяцаў.

3) У медыцыне — першапачатковы скрыты перыяд хваробы, які знешне не праяўляецца; тое, што інкубацыйны перыяд.

У.М.Калюноў.

т. 9, с. 158

ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,

пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.

т. 9, с. 158

ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),

шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.

т. 9, с. 158

ЛАТЭРЫ́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія маюць у профілі гарызонт латэрыту.

т. 9, с. 158