ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),

шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)