Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),

генератар эл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.​Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.

Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.

А.​А.​Кураеў.

т. 9, с. 100

ЛА́ЗІКА, Лазскае царства,

дзяржава на тэр. Зах. Грузіі ў 2—6 ст. Спачатку залежала ад рымскіх, потым візант. імператараў, якія прызначалі ў Л. правіцелей. Сталіца Л. — г. Археаполіс (сучасны Накалакеві). У 4 ст. правіцелі Л. падпарадкавалі насельніцтва Паўн. Калхіды (сванаў, абазгаў, апсілаў). З 523 афіц. рэлігія — хрысціянства. У 6 ст. за валоданне Л. змагаліся Візантыя і Іран. Паводле дагавора 562 Л. засталася ў залежнасці ад Візантыі. У канцы 6 ст. пазбаўлена аўтаноміі. З 8 ст. ў складзе Абхазскага царства.

т. 9, с. 102

ЛАЗІ́НСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт. зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.​Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.​Кіплінга, Р.​Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».

Тв.:

Багровое светило. М., 1974.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 102

ЛА́ЗНЯ,

памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.

У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.

т. 9, с. 102

ЛАЗО́ (Сяргей Георгіевіч) (7.3.1894, с. Пятры, цяпер Лазо Аргееўскага р-на, Малдова — май 1920),

адзін з кіраўнікоў сав. партыз. руху ў Сібіры і Прымор’і ў грамадз. вайну. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це. З 1916 у арміі, скончыў Аляксееўскае пяхотнае вучылішча. У снеж. 1917 нач. ваен. гарнізона і ваен. камендант Іркуцка. У 1918 чл. Цэнтрасібіры, каманд. войскамі Забайкальскага фронту. З вясны 1919 камандаваў партыз. атрадамі Прымор’я. У маі 1920 захоплены і вывезены яп. інтэрвентамі з Уладзівастока, спалены ў паравознай топцы.

т. 9, с. 102

ЛАЗО́ВІЦА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).

Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.

Клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 102

ЛАЗО́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.9.1936, в. Заронава Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1987), праф. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1988 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні племянных і прадукцыйных якасцей буйн. раг. жывёлы, коней, авечак, метадах выкарыстання імунагенет. фактараў у племянной жывёлагадоўлі і кантролі за ўстойлівасцю да захворванняў.

Тв.:

Приусадебное разведение овец и коз. Мн., 1992.

т. 9, с. 102

ЛАЗО́ЎСКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 14.1.1934, в. Нянькава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), праф. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў. З 1961 у БДУ (у 1966—96 нам. дэкана філал. ф-та). У 1981—85 выкладаў бел. мову ў Берлінскім ун-це імя Гумбальта. Даследуе лексіку бел. літ. мовы і жывых нар. гаворак. Аўтар «Слоўніка антонімаў беларускай мовы» (1994), сааўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія» (2-е выд. 1995).

т. 9, с. 102

ЛАЗО́ЎСКІ (Юрый Віктаравіч) (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),

бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.​Суруса), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.​Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу) і інш.

Літ.:

Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.

т. 9, с. 102

Лазоўскі Дзмітрый Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 417