ЛА́ЗНЯ,
памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся i Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.
т. 9, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)