горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал. У ноч на 23.12.1942 у выніку Лагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс.ж. З 3.6.1998 горад.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж.Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.П.Тышкевічаў.
частка Мінскага ўзвышша на Пн Мінскай вобл. Абмежавана на ПнУ скразной далінай Ілія—Гайна, на Пн і ПнЗНарачана-Вілейскай нізінай, на ПдУВерхнебярэзінскай нізінай, на ПдЗ змыкаецца з Радашковіцкім узвышшам, на Пд паступова пераходзіць у цэнтр.ч. Мінскага ўзв. Сярэдняя выш. да 250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Л.ў. — ч. водападзела паміж рэкамі бас. Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Бел. антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергельных парод сярэдняга дэвону, на Пд невял. ўчасткі альб-сенаманскіх адкладаў мелавой сістэмы. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць да 200—280 м) складзена ледавіковымі (у асноўным сожскага зледзянення) адкладамі, сярод іх пераважаюць валунныя суглінкі і супескі; на схілах перакрыта лёсападобнымі пародамі (магутнасць 3—5 м).
У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных канцова-напорных град з групамі буйных купалападобных узгоркаў (адносныя выш. 30—35 м); сярэднеўзгорысты і ўвалісты рэльеф на выш. 250—280 м, паблізу рачных далін парэзаны глыбокімі ярамі і лагчынамі. Уздоўж далін невял. ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін. На ўзвышшы пачынаюцца рэкі бас. Дняпра — Гайна з прытокам Усяжа, Вяча; бас. Нёмана — Ілія з прытокам Рыбчанка. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя і друзаватыя глебы. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.
В.П.Якушка.
Лагойскае ўзвышша каля в. Дуброва Смалявіцкага раёна.
старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.С.Махнач, М.В.Вераценнікаў, Г.І.Ількевіч.
Дзейнічала ў 1809—60 у мяст. Лагойск (цяпер г. Лагойск Мінскай вобл.). Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 працавала каля 50 чал. Выпускала да 50 і больш тыс. аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе.
бой партыз брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.М.Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял.Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.
адзін з першых на Беларусі гісторыка-археал. музеяў. Засн. ў 1842 братамі К.П.Тышкевічам і Я.П.Тышкевічам у родавым маёнтку ў Лагойску. Размяшчаўся ў іх двухпавярховым палацы. Яго аснову склалі археал. знаходкі Тышкевічаў пры даследаванні курганоў, гарадзішчаў, замчышчаў Мінскай губ. У музеі былі багатыя калекцыі зброі, манет, медалёў; захоўваліся таксама крыж з серабра і золата, 2 мячы з мініяцюрнымі партрэтамі Стафана Баторыя (16 ст.), шведскія сцягі, адваяваныя С.Чарнецкім у 1656 у шведскага караля Густава, шпага Пятра 1 і многае інш. Паводле звестак П.М.Шпілеўскага, у нумізматычнай калекцыі музея было больш за 1 тыс. манет і медалёў, 3 тыс. кніг, з якіх каля 500 — помнікі айч. кнігадрукавання. Захоўваліся стараж. рукапісы, карты. У 1855 на базе экспанатаў Л.м.с. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
ЛАГО́ЙСКІ РАЁН На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс.км2. Нас. 43,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г.Лагойск. Уключае г.п.Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.
Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 90,6 тыс.га, з іх асушаных 23,7 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».
ЛАГО́МЕТР (ад грэч. logos тут адносіны + ...метр),
вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.
Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.
рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Чадзе і Камеруне, левы прыток р. Шары (бас.воз. Чад). Даўж. 965 км (з р. Мберэ). Утвараецца ад сутокаў рэк Мберэ і Пендэ. Сярэдні расход вады каля г. Бангор (Чад) 540 м³/с. Пры моцных паводках частка сцёку паступае ў бас. Нігера (па сістэме праток у прыток Бенуэ р. Майо-Кебі). Суднаходная ў перыяд дажджоў (чэрв.—жн.) ніжэй г. Бангор.