Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАБРАДО́РА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ ПО́ЯС,

жалезарудны басейн у Канадзе. Цягнецца праз п-аў Лабрадор на 1300 км. Прымеркаваны да пратэразойскай вулканагенна-асадкавай тоўшчы Лабрадорскага прагіну. Радовішчы па паходжанні метамарфізаваныя (руды — магнетыт-гематытавыя кварцыты). Разведаныя запасы больш за 21 млрд. т руды, у якой жалеза 30—40%, багатай руды больш за 700 млн. т., у якой жалеза 51—66%. Эксплуатуецца з 1954. Цэнтры здабычы — гарады Шэфервіл, Уобуш, Маўнт-Райг, Ганьёнвіл.

т. 9, с. 83

ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн. м3/с да 5,4 млн. м3/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.

т. 9, с. 83

ЛАБРЫЁЛА (Labriola) Антоніо

(2.7.1843, г. Касіна, Італія — 2.2.1904),

італьянскі філосаф, публіцыст, дзеяч сацыяліст. руху. Скончыў ун-т у Неапалі. З 1874 праф. Рымскага ун-та. Спачатку падзяляў погляды младагегельянцаў, у 1889—90 перайшоў на пазіцыі марксізму, стаў першым тэарэтыкам і прапагандыстам гэтага вучэння ў Італіі. Адзін з заснавальнікаў Італьян. рабочай партыі (1892, потым Італьян. сацыяліст. партыя). У рамках гіст. матэрыялізму даследаваў праблемы прычыннай абумоўленасці (дэтэрмінізму) грамадскіх з’яў і працэсаў, даваў матэрыяліст. інтэрпрэтацыю форм грамадскай свядомасці, аналізаваў адносіны гіст. матэрыялізму да т.зв. фактараў тэорыі. Выступаў супраць трактоўкі марксізму як замкнутай сістэмы, падкрэсліваў неабходнасць яго развіцця і канкрэтызацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки материалистического понимания истории. М., 1960.

Літ.:

Никитич Л.А. Лабриола. М., 1980.

Т.І.Адула.

т. 9, с. 83

ЛА́БУ,

у акадскай міфалогіі леў-пачвара. Паводле міфа Л., якога намаляваў на небе бог Энліль, ажыў і пачаў лютаваць на зямлі, але быў пераможаны богам-воінам Цішпакам.

т. 9, с. 83

ЛАБУ́ДА Антон Антонавіч

(н. 9.4.1923, в. Бакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1992). Засл. работнік нар. адукацыі (1992). Скончыў БДУ (1954), дзе працуе з 1957. Навук. працы па дыягностыцы нізкатэмпературнай плазмы і яе выкарыстанні ў электроніцы і мікраэлектроніцы, па метадах кантролю і аўтам. кіравання ў плазменнай тэхналогіі.

Тв.:

Радиофизика и электроника: Сб. науч. тр. Вып. 2. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 83

ЛАБУНО́Ў Уладзімір Архіпавіч

(н. 16.3.1939, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі.

Акад. Нац. АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1980), д-р тэхн. навук (1975), праф. (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1961). З 1966 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова ў 1987—89 акад.-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. З 1994 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія. Навук. працы ў галіне ўзаемадзеяння зараджаных часціц і аптычнага выпрамянення з цвёрдым целам. Распрацаваў тэхнал. асновы стварэння паўправадніковых і гібрыдных інтэгральных схем. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Окисление металлов и полупроводников в низкотемпературной кислородной плазме (разам з В.П.Пархуцікам) // Обзоры по электронной технике. Сер. Микроэлектроника. 1978. Вып. 1;

Формирование силицидов импульсной термообработкой пленочных структур (у сааўт.) // Зарубежная электронная техника. 1985. № 8.

У.А.Лабуноў.

т. 9, с. 83

Лабынцаў Юрый Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 416

ЛА́ВА (італьян. lava ад лац. labes абвал, падзенне) вулканічная, распалены (т-ра 690—1200 °C) сілікатны расплаў нетраў Зямлі, які выліўся або выціснуты на зямную паверхню ў час вывяржэння вулкана. Адрозніваецца ад магмы адсутнасцю шэрагу лятучых кампанентаў (вады, газаў і інш.) і некаторымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Пры застыванні Л. ўтварае эфузіўныя горныя пароды. Пашырана Л. андэзітавая, базальтавая, дацытавая, рыялітавая і інш. На Беларусі лававыя горныя пароды трапляюцца ў адкладах венду і дэвону.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 84

ЛА́ВА ў горнай справе,

доўгая ачышчальная падземная горная вырабатка, у канцы якой (у забоі) адбываецца здабыча (выманне) карысных выкапняў (вугалю, каменнай солі і інш.). Даўжыня Л. — 25—350 м і болей (залежыць ад горна-геал. умоў і сістэмы распрацоўкі радовішча).

т. 9, с. 84

ЛА́ВА,

даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.

т. 9, с. 84