ВО́ЛКАЎ Раман Міхайлавіч
(13.10.1885, г. Ноўгарад-Северскі, Украіна — 6.5.1959),
украінскі фалькларыст і літ.знавец. Праф. (1921). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1912). Даследаваў нар. драму, казкі, быліны і літ.-фалькл. сувязі. У працах пра сюжэтаскладанне ўсх.-слав. казак, стыль рус. казак і вытокі пушкінскай «Казкі пра цара Салтана» выкарыстаў і бел. матэрыял.
Тв.:
Народная драма «Царь Максимилиан» // Рус. филол. вестн. 1912. Т. 67—68, № 1—4;
Сказка: Разыскания по сюжетосложению народной казкі. Т. 1. Сказка великорусская, украинская, белорусская. Харьков, 1924.
т. 4, с. 264
ВО́ЛКАЎ Сяргей Анатолевіч
(н. 18.3.1942, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989).Сын А.В.Волкава, унук В.В.Волкава. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў кнігі «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э.Валасевіча, «Пра нашу Дашу» П.Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (усе 1982), «На двары Алімпіяда» Э.Агняцвет, «Дзед і ўнучка» М.Маляўкі, «Кыонг і яго сябры» У.Карызны (усе 1984), «Казкі дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за 100 плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў.
т. 4, с. 264
ВО́ЛКАЎ Уладзіслаў Мікалаевіч
(23.11.1935, Масква — 30.6.1971),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969; 1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з Ф.Філіпчанкам і В.В.Гарбатко здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7»; 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют». Пры вяртанні на Зямлю загінуў з інш. членамі экіпажа. Правёў у космасе 28,7 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 4, с. 265
ВО́ЛКАЎ
(Вовк) Фёдар Кандратавіч (17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ва ўкр. нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
т. 4, с. 265
ВО́ЛКАЎ Фёдар Рыгоравіч
(20.2.1729, г. Кастрама, Расія — 15.4.1763),
рускі акцёр і тэатр. дзеяч. У 1741—48 вучыўся ў Маскве. Арганізаваў у Яраслаўлі аматарскую трупу, з 1750 — публічны т-р. У 1752 Волкаў і некалькі акцёраў былі выкліканы імператрыцай Елізаветай Пятроўнай у С.-Пецярбург; выступаў на прыватнай і прыдворнай сцэнах. Пазней залічаны ў трупу першага пастаяннага рус. публічнага т-ра (арганізаваны ў 1756 у Пецярбургу), з 1761 — дырэктар гэтага т-ра. У творчасці адышоў ад эстэт. канонаў класіцызму, ад пашыранай у той час урачыстай дэкламацыі. Праславіўся як выканаўца гал. роляў у трагедыях А.Сумарокава: Аскольд («Семіра»), Амерыканец («Прыстанішча дабрачыннасці»), Марс («Новыя лаўры»), з вял. майстэрствам іграў і ў камедыях. Імя Волкава прысвоена Яраслаўскаму драм. т-ру (1911).
т. 4, с. 265
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
т. 4, с. 265
ВО́ЛМА,
Валмянка, рака ў Дзяржынскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Шчэпкі Дзяржынскага р-на, цячэ па зах. схілах Мінскага ўзв. праз г.п. Івянец. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. ў вярхоўі 20—50 м, у ніжнім цячэнні 120—200 м. Рэчышча звілістае, у верхнім цячэнні каналізаванае. Берагі стромкія, абрывістыя, асабліва на адрэзку ад г.п. Івянец да вусця.
т. 4, с. 265
ВО́ЛМА,
вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.Манівіду, А.Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).
т. 4, с. 265