ВО́ЛМА,
вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.Манівіду, А.Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)