ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)