АЛЬБЯДЗІ́НСКІ Пётр Паўлавіч
(1826, Смаленская губ. — 19.5.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, генерал ад кавалерыі (1878). Скончыў Пажаскі корпус (1843). Удзельнік баёў з горцамі на Каўказе, Крымскай вайны 1853—56. Займаўся ваенна-дыпламат. дзейнасцю, ажыццяўленнем ваен. рэформаў 1860—70-х г. У 1886—70 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У 1874—80 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Разглядаў мясц. памешчыкаў як сац. апору самадзяржаўя, дазволіў выданне і распаўсюджванне кніг на польск. мове, аслабіў ганенні на каталіцкую царкву ў краі. З 1880 варшаўскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Варшаўскай ваен. акругі. З 1881 чл. Дзярж. савета Расіі.
т. 1, с. 274
АЛЬБЯРЦІ́Н,
былая сядзіба, потым фабрычны пасёлак у Слонімскім р-не, з 19.1.1965 у межах г. Слонім. Узнік у 1-й пал. 19 ст. як сядзіба маршалка слонімскага В.Пуслоўскага, куды ўваходзілі палац з гасп. будынкамі і пейзажны парк (гл. Слонімская сядзіба «Альбярцін»). Калі ў 19 ст. побач з сядзібай узніклі прамысл. прадпрыемствы (Альбярцінская дывановая мануфактура, Альбярцінская лесапільна-сталярная фабрыка, Альбярцінская суконная фабрыка, Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка, Альбярцінскі чыгуналіцейны завод, Альбярцінскі электралямпавы завод і інш.), ператварыўся ў фабрычны пасёлак. У 1897 — 518 ж. У 1927 тут заснавана кардонная ф-ка «Альбярцін», з 1990 — нар. прадпрыемства «Альбярцін».
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, на ўсх. ускраіне г. Слонім, у бас. р. Іса. Пл. 0,5 км². Даўж. 0,75 км, найб. глыб. 8 м. Пл. вадазбору 1,2 км². Праз возера цячэ р. Іса.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1832—50 у Альбярціне. Вырабляла 1,5 тыс. аршынаў (1065 м) дывановых вырабаў за год. У 1847—50 працавалі 70 рабочых.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-СТАЛЯ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1894—1914 у Альбярціне. Належала акц. т-ву «Заходняруская фабрыка механічнай апрацоўкі дрэва». Вырабляла дошкі, брусы, рэйкі, дзвярныя і аконныя рамы. У 1913 працавалі 85 чалавек.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1813—1905 у Альбярціне. Засн. як мануфактура. Выпускала коўдры, сукно, корт, трыко, фланель, драп. У 1858 працавалі 503 рабочыя. З 1891 працавала сельскае вучылішча. На Варшаўскай (1857) і Усерас. (Масква, 1882) выстаўках сукно ф-кі адзначана сярэбранымі медалямі.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ШОЎКАКРУЦІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1894—1913 у Альбярціне. Вырабляла аснову і ўток для тканіны. У 1897 працавалі 210 рабочых; у 1910 працаваў 141 рабочы і 51 пастаўляў сыравіну і паліва.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш. с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.
т. 1, с. 275
АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЭЛЕКТРАЛЯ́МПАВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1913—15 у Альбярціне. Першае на Беларусі прадпрыемства такога профілю. Працавалі 86 рабочых.
т. 1, с. 275
А́ЛЬВАРЭС
(Alvarez) Луіс Уолтэр (13.6.1911, Сан-Францыска — 1.9.1988),
амерыканскі фізік. Адзін са стваральнікаў атамнай бомбы. Чл. Нац. АН (1947). Скончыў Чыкагскі ун-т (1932). З 1936 у Каліфарнійскім ун-це (з 1945 праф.), у 1954—59 і 1976—78 нам. дырэктара Радыяцыйнай лабараторыі імя Э/Лоўрэнса (г. Берклі). Навук. працы па ат. ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, паскаральнай тэхніцы і радыёлакацыі. Адкрыў новы від радыеактыўнага ператварэння — электронны захоп (1938), пабудаваў першую пузырковую камеру, адкрыў (разам з інш.) многія рэзанансы. Нобелеўская прэмія 1968.
т. 1, с. 275