АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт. Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 219
АКУСТЫ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
інтэрферэнцыйны спосаб атрымання аб’ёмных відарысаў прадметаў з дапамогай акустычных хваляў. Спачатку рэгіструецца карціна, якая атрымліваецца ў выніку інтэрферэнцыі дзвюх гукавых хваляў — рассеянай прадметам (сігнальнай) і апорнай, потым па атрыманым запісе (акустычнай галаграме) аднаўляецца відарыс прадмета. Ва ультрагукавым дыяпазоне найб. пашыраны метад паверхневага рэльефу, у якім акустычная галаграма аднаўляецца з дапамогай кагерэнтнага святла. Акустычная галаграфія выкарыстоўваецца ў медыцыне (ультрагукавая дыягностыка), гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі і інш. Гл. таксама Галаграфія.
Літ.:
Акустическая голография: Пер. с англ. Л.. 1975;
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ. М., 1982.
У.М.Белы.
т. 1, с. 219
АКУСТЫ́ЧНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
універсальны метад неразбуральнага кантролю, заснаваны на выкарыстанні акустычных хваляў. У працэсе кантролю аналізуюцца амплітудныя, фазавыя, частотныя і інш. характарыстыкі акустычных хваляў, узбуджаных вонкавай крыніцай (актыўны метад) або матэрыялам, які кантралюецца (пасіўны метад). Парушэнне суцэльнасці (расколіны, ракавіны і інш.) або аднароднасці (вял. зярністасць і інш.) матэрыялу прыводзіць да скачкападобнай або плаўнай змены яго акустычных характарыстык (скорасці і каэфіцыента затухання гуку, хвалевага супраціўлення) і ўплывае на ўмовы распаўсюджвання пругкіх хваляў. Выкарыстоўваецца для кантролю матэрыялаў і вырабаў у машына- і прыладабудаванні, зварачнай вытв-сці, буд-ве і інш.
А.Р.Баеў.
т. 1, с. 219
АКУСТЫ́ЧНЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
прылады для ўзбуджэння акустычных хваляў. Найб. пашыраны электраакустычныя пераўтваральнікі, дзе эл. энергія пераўтвараецца ў энергію ваганняў цвёрдага цела (выпрамяняльнага элемента), якое выпрамяняе акустычныя хвалі (напр., п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, электрамагн., электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі); выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі, ультрагукавой тэхналогіі, мед. дыягностыцы, кантрольна-вымяральных прыладах. Газадынамічныя і газаструменныя акустычныя выпрамяняльнікі, заснаваныя на пераўтварэнні энергіі струменя газу або вадкасці ў энергію акустычных ваганняў пры перыядычным перарыванні або ўзаемадзеянні яго з цвёрдымі перашкодамі, выкарыстоўваюцца ва ультрагукавой тэхналогіі і сігналізацыі.
А.Р.Баеў.
т. 1, с. 219
АКУСТЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы для ўзбуджэння, прыёму, перадачы і паглынання акустычных хваляў. У акустаэлектроніцы як гукаправоды выкарыстоўваюцца матэрыялы з малымі акустычнымі стратамі ў рабочым дыяпазоне частот: шкло, сплавы на аснове магнію, плаўлены і крышт. кварц і інш.; у акустаоптыцы як святлогукаправоды — матэрыялы, празрыстыя ў адпаведнай вобласці аптычнага спектра, з малымі акустычнымі стратамі і з высокай акустааптычнай эфектыўнасцю ў рабочым дыяпазоне частот: свінцовае, тэлуравае, халькагеніднае шкло, крышталі паратэлурыту, малібдэну свінцу, фасфід і арсенід галію і інш. Для вырабу акустычных выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў выкарыстоўваюцца магнітастрыкцыйныя матэрыялы і п’езаэлектрычныя матэрыялы, у буд-ве — гукаізаляцыйныя і гукапаглынальныя матэрыялы, якія характарызуюцца малым каэфіцыентам адбіцця і вял. каэфіцыентам паглынання акустычных ваганняў на гукавых частотах (парапласты, мінер. вата, порыстая гума і інш.).
Ю.М.Шчэрбак.
т. 1, с. 219
АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,
пругкія ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў цвёрдым, вадкім і газападобным асяроддзях. Дыяпазон частот ад самых нізкіх (умоўна ад 0 Гц) да гранічна высокіх (1012—1013 Гц). Вылучаюць інфрагук (да 16 Гц), гук (ад 16 да 2·104 Гц), ультрагук (ад 2·104 да 109 Гц) і гіпергук (ад 109 да 1013 Гц). Выкарыстоўваюцца ў акустаэлектроніцы, дэфектаскапіі, гідралакацыі, сейсмалогіі і інш. Гл. таксама Пругкія хвалі.
т. 1, с. 219
АКУ́Т
(ад лац. acutus востры, высокі),
1) адзін з відаў муз. націску ў стараж.-грэч., сербскай і інш. мовах.
2) Знак гэтага націску на пісьме (ˊ). З) Інтанацыя сучаснай літоўскай мовы, якая мае сыходны характар.
т. 1, с. 219
АКУТАГА́ВА Руноскэ
(1.3.1892, Токіо — 24.7.1927),
японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т (1916). Выдатны стыліст і майстар навелы. У цэнтры твораў Акутагавы — вострыя праблемы сучаснасці, загадкавасць і непрадказальнасць чалавечай свядомасці (навелы-прытчы «Расёмон», 1915, «У гушчары», 1922, і інш.), трагічныя калізіі дабра ў свеце зла (псіхал. навелы «Восень», 1920, «Холад», 1924, сац.-фантаст. алегорыя «У краіне вадзянікоў», 1927, і інш.), адзінота чалавека, яго бездапаможнасць перад часам, гісторыяй (аповесць-споведзь «Жыццё ідыёта», 1927). Скончыў жыццё самагубствам. У Японіі ўстаноўлена літ. прэмія яго імя (1935). На бел. мову асобныя навелы Акутагавы пераклаў У.Шатон.
Тв.:
Бел. пер. — Брама Расё;
Нос;
Павуцінкі // Далягляды. Мн., 1990;
Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1971;
Новеллы. М., 1989.
т. 1, с. 219
АКУЦЫЁНАК Пётр Антонавіч
(25.4.1922, г.п. Шуміліна Віцебскай вобл. — 15.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). З ліп. 1941 у знішчальным атрадзе па барацьбе з фаш. лазутчыкамі і дыверсантамі. З ліп. 1943 на фронце, удзельнік Курскай бітвы. Вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Лоеў Гомельскай вобл. Загінуў у баі.
т. 1, с. 219
АКУ́ЧВАННЕ раслін, агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.
т. 1, с. 219