АКУ́ЧВАННЕ раслін, агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)