Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭХНАСФЕ́РА (ад грэч. technē майстэрства + сфера),

сукупнасць штучных аб’ектаў у межах геаграфічнай абалонкі Зямлі (будынкі, збудаванні, механізмы і інш.), створаных чалавекам з рэчываў навакольнай нежывой прыроды. Гл. таксама Наасфера, Тэхнагенез, Тэхнагенны ландшафт.

т. 16, с. 149

ТЭХНЕ́ЦЫЙ (лац. Technetium),

Тс, радыеактыўны хім. элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 43; першы штучна атрыманы хім. элемент. Найб. доўгажывучыя радыенукліды: ​97Tc (перыяд паўраспаду T1/22,6∙10​6 гадоў), ​98Tc(T1/24,2∙10​6 гадоў) і ​99Tc(T1/22,13∙10​5 гадоў). У прыродзе трапляецца ў нязначнай колькасці ва уранавых рудах (утвараецца пры дзяленні ядзер урану). Сінтэзаваны ў 1937 Э.​Дж.Сегрэ разам з італьян. фізікам К.​Пер’е пры бамбардзіроўцы ядзер малібдэну дэйтронамі; назва ад грэч. technētos — штучны.

Серабрыста-шэры метал, tпл2200 °C, tкіп 4600 °C, шчыльн. 11487 кг/м³.Хім. ўласцівасцямі падобны да рэнію. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Tc(VII) i Tc(IV). Вылучаюць з сумесі прадуктаў дзялення урану-235 — адходаў атамнай прам-сці, метал. Т. атрымліваюць аднаўленнем яго злучэнняў вадародам або электрахімічна. Выкарыстоўваюць ​99mTc (T1/2 6,02 гадз, γ-выпрамяняльнік) у мед. дыягностыцы пухліны галаўнога мозгу.

Літ.:

Спицын В.И., Кузина А.Ф. Технеций. М., 1981;

Савушкин И.А. Основы экологически чистой технологии получения технеция-99m. Мн., 2000.

т. 16, с. 149

ТЭ́ХНІКА (ад грэч. technē майстэрства),

сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення матэрыяльнай вытворчасці і задавальнення невытворчых патрэб грамадства; сродкі працы, адзін з асн. элементаў сродкаў вытворчасці і прадукц. сіл грамадства. У Т. матэрыялізаваны назапашаныя чалавецтвам веды і вытв. вопыт, яна аблягчае працу і павышае яе прадукцыйнасць, пашырае магчымасці чалавека ў яго прац. дзейнасці, часткова або цалкам вызваляе чалавека ад працы ў небяспечных для здароўя умовах. Тэрмін «Т.» ўжываецца таксама для сукупнай характарыстыкі навыкаў і прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў якой-н. сферы дзейнасці (Т. жывапісу, Т. танца, Т. справаводства і інш.). Па меры развіцця вытв-сці Т. паступова замяняе чалавека ў выкананні тэхнал. функцый, звязаных з фіз. і разумовай працай.

Сродкі Т. выкарыстоўваюцца: для ўздзеяння на прадметы працы пры стварэнні матэрыяльных і культ. каштоўнасцей; даследавання законаў развіцця прыроды і грамадства; атрымання, перадачы і пераўтварэння энергіі; збору, захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі; кіравання вытв. працэсамі і грамадствам; стварэння матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі; перамяшчэння грузаў, людзей і сувязі; быт. і культ. абслугоўвання; забеспячэння абараназдольнасці і вядзення вайны. Адрозніваюць Т. вытворчую (машыны, у т. л. рухавікі, механізмы, інструменты, апаратура кіравання машынамі і тэхнал. працэсамі, сродкі аўтаматызацыі вытворчасці, вытв. будынкі і збудаванні, дарогі, чыгункі, масты, каналы, сродкі транспарту, энергетыкі, камунікацый, сувязі і інш.) і невытворчую (сродкі камунальнага і быт. прызначэння — камунальныя машыны, легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, халадзільнікі, тэлевізары, магнітафоны, пыласосы, пральныя і кухонныя машыны, спарт. і турысцкі рыштунак, кіна- і фотаапаратура, тэхн. сродкі навучання, аргтэхніка, чарцёжна-канструктарская тэхніка, сцэнічная Т. і інш.). Асобную групу складаюць тэхн. сродкі ваен. прызначэння: танкі, артылерыя, ракеты і ракетныя комплексы, караблі ваенныя (у т. л. падводныя лодкі), лятальныя апараты (у т. л. бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, інш. баявыя і ваенна-трансп. самалёты і верталёты). Звычайна Т. класіфікуюць паводле галіновай структуры вытв-сці (напр., Т. прамысловасці, транспарту, сельскагаспадарчая тэхніка), яе галіновых падраздзяленняў (напр., авіяц., меліярац., энергет. Т.), часам па навук. асновах асобных галін Т. (напр., ядзерная тэхніка, халадзільная тэхніка, вылічальная тэхніка, вымяральная тэхніка, робататэхніка). Асноўныя паказчыкі Т.: прадукцыйнасць (колькасць прадукцыі, якая вырабляецца, апрацоўваецца або перавозіцца за адзінку часу), надзейнасць, эканамічнасць эксплуатацыі (расход спажытай сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі, неабходных для нармальных умоў выкарыстання Т). Сучасная Т. павінна адпавядаць патрабаванням эрганомікі, тэхн. эстэтыкі, экалогіі. Яна характарызуецца высокімі тэмпамі мадэрнізацыі і аўтаматызацыі, уніфікацыяй, стандартызацыяй, інтэнсіўным развіццём энергетыкі, электра- і радыётэхнікі, электронікі, прыладабудавання, авіяц., хім. і нафтахім. Т., шырокім выкарыстаннем аўтаматыкі, прамысловых робатаў, ЭВМ і інш. Дасягненні Т. грунтуюцца на фундаментальных навук. адкрыццях і даследаваннях, з’яўляюцца асновай навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Асн. этапы развіцця Т. адпавядаюць гіст. перыядам (археал. эпохам) чалавецтва, этапам развіцця грамадскай вытв-сці. Першыя прылады працы і віды зброі ўзніклі ў каменным веку: грубаабабітыя каменныя ручныя рубілы, востраканечнікі, скрэблы, разцы, касцяныя прылады (усяго ў познім палеаліце было да 100 тыпаў прылад); у мезаліце — лук і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі, дзіды, дроцікі, нажы, скрабкі і інш.; у неаліце — гліняны посуд, сякеры, долаты, булавы, кліны, шырокія нажы, цёслы, пілы, молаты, матыкі, зерняцёркі, сярпы і інш.; у энеаліце — першыя медныя прылады. У бронзавым веку разам з каменнымі пашырыліся вырабы з бронзы (матыкі, сякеры, сярпы, молаты, мячы, нажы і інш.), удасканальваліся вёсельныя і ветразевыя судны, колавыя павозкі і інш. У жалезным веку асвоены выраб крычнага жалеза з дапамогай сырадутнага працэсу; пашырылася вытв-сць жал. прылад і зброі, кавальскае і ганчарнае рамяство. Вынаходства мех. прадзільнай і паравой машын далі штуршок прамысловаму перавароту канца 18 — пач. 19 ст., у выніку якога адбыўся пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці. Замест ручнога (рамеснага) вырабу мех. станкоў і машын паступова ўзнікла іх прамысл. вытв-сць — машынабудаванне. З канца 19 ст. паравыя машыны выцясняюцца больш эканамічнымі і кампактнымі рухавікамі ўнутранага згарання, якія дазволілі стварыць новыя тыпы рабочых і трансп. машын (аўтамабілі, самалёты, цеплаходы, экскаватары, трактары і інш.). Укараненне электрычных рухавікоў прывяло да паўсюднага выкарыстання іх у групавых і індывідуальных прыводах машын. Выкарыстанне аўтаматаў, ЭВМ, камп’ютэрных сістэм і інш. садзейнічала шырокаму ўкараненню аўтаматызацыі вытворчасці. У сярэдзіне 1940-х г. пачалася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая прывяла да ўзнікнення новых і якасных змен ва ўсіх галінах Т. і ў тэхнал. метадах вытв-сці (гл. Тэхналогія).

Літ.:

История техники. М., 1962;

Шухардин С.В. Основы истории техники. М., 1961;

Мелещенко Ю.С. Техника и закономерности ее развития. Л., 1970;

Лилли С. Люди, машины и история: Пер. с англ. М., 1970;

Боголюбов А.Н. Творения рук человеческих: Естественная история машин. М., 1988;

Кириллин В.А. Страницы истории науки и техники. 3 изд. М., 1994;

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991;

Поликарпов В.С. История науки и техники. Ростов н/Д, 1999.

І.​І.​Леановіч, У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 149

ТЭ́ХНІКА БЯСПЕ́КІ,

сістэма арганізацыйных мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў, якія прадухіляюць уздзеянне на работнікаў небяспечных вытв. фактараў; ахова ўсяго арганізма чалавека або асобных яго органаў ад неспрыяльнага ўплыву тэхнал. працэсаў, тэхн. сродкаў і прадметаў працы. Сістэма нарматыўных актаў Т.б. Рэспублікі Беларусь, заснаваная на Канстытуцыі і Кодэксе законаў аб працы, абавязковая для выканання ўсімі арг-цыямі незалежна ад формы ўласнасці.

Арганізац. мерапрыемствы па Т.б. ўключаюць: інструктаж і навучанне работнікаў бяспечным і бясшкодным метадам працы, карыстанню ахоўнымі сродкамі, распрацоўку і ўкараненне рэгламентаў працы і адпачынку пры выкананні цяжкіх работ у шкодных умовах і г.д. Паводле сферы выкарыстання адрозніваюць адзіныя правілы па Т.б. для ўсіх галін нар. гаспадаркі; міжгаліновыя, што рэгламентуюць бяспеку працы для пэўнага віду работ у розных галінах вытв-сці; галіновыя, якія адносяцца да канкрэтнай вытв-сці. Абавязкі па Т.б. заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Нагляд і кантроль за яе выкананнем ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, мін-вы і ведамствы, пракуратура. Гл. таксама Ахова працы.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 150

ТЭ́ХНІКУМ адзін з тыпаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Створаны ў 1920, з 1937 пераважна тэхн. профілю (розных галін прам-сці, буд-ва, транспарту, сувязі, с.-г.), а таксама стат., фінансавыя, гандлёвыя. На Беларусі дзейнічаюць самастойна і ў складзе вучэбна-вытв. комплексаў (Т.-прадпрыемства), вучэбна-навук. аб’яднанняў (Т.-ПТВ, Т-ВНУ). На дзённыя аддзяленні прымаюцца асобы з базавай ці агульнай сярэдняй адукацыяй, на вячэрнія і завочныя з агульнай сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання пасля 9 кл. — 3—4 гады, пасля 11 кл. — 2—3 гады. У 2002/03 навуч. г. на Беларусі 38 Т., у т. л. 7 недзяржаўных.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА,

навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае і вызначае прыкметы дэфектаў тэхн. аб’ектаў, распрацоўвае метады і сродкі выяўлення і пошуку такіх дэфектаў. Асн. задача — арганізацыя эфектыўнай праверкі спраўнасці, працаздольнасці, правільнасці функцыянавання тэхн. аб’ектаў (дэталей, элементаў, вузлоў, вырабаў, агрэгатаў, сістэм і інш., а таксама працэсаў перадачы, апрацоўкі і захоўвання матэрыі, энергіі і інфармацыі).

Адрозніваюць сістэмы тэставай і функцыянальнай Т.д. Тэставую Т.д. праводзяць пры вырабе і захоўванні аб’екта, яго рамонце, пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, перад выкарыстаннем і пасля яго і інш. Пры такой дыягностыцы на аб’ект падаюцца спец. тэставыя ўздзеянні. Функцыянальная Т.д. праводзіцца пры эксплуатацыі аб’екта паводле яго прызначэння пры неабходнасці праверкі адпаведнасці функцыянавання зададзенаму алгарытму работы і пошуку дэфектаў, якія перашкаджаюць ёй. Пры гэтым на аб’ект падаюцца ўздзеянні, прадугледжаныя алгарытмам яго работы. Для распрацоўкі і стварэння сістэм Т.д. вывучаюцца аб’ект, магчымыя дэфекты і іх прыкметы, ствараюцца матэм. мадэлі аб’екта ў працаздольным і непрацаздольным станах, алгарытмы дыягностыкі і інш.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНАЯ ТКАНІ́НА,

асноўны або дапаможны матэрыял для вырабу дэталей машын, установак і інш. у розных галінах прам-сці; разнавіднасць тканіны тэкстыльнай. Вырабляюць Т.т. пераважна з валокнаў хімічных, звычайна палатняным перапляценнем, якое забяспечвае найб. моцную сувязь паміж асновай і ўтком. Бывае адна- і шматслойная. Выкарыстоўваюць Т.т. як фільтравальныя і ізаляцыйныя матэрыялы, для вырабу аўтамаб. шын (гл. Корд), транспарцёрных стужак і прывадных пасаў (гл. Бельтынг), спец. ахоўнага адзення (гл. Брызент), пажарных рукавоў, парашутаў і інш.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНАЯ ЭСТЭ́ТЫКА,

навуковая дысцыпліна, што вывучае сацыяльна-культ., тэхн. і эстэт. праблемы фарміравання гарманічнага рэчыўнага асяроддзя чалавека, якое ствараецца сродкамі прамысл. вытв-сці. Складае тэарэт. аснову дызайну, вывучае яго грамадскую прыроду і заканамернасці развіцця, прынцыпы і метады мастацкага канструявання і інш. Фарміруе таксама патрабаванні да прамысл. прадукцыі, яе тэхніка-эстэт. паказчыкаў, якасці, адпаведнасці маст. формы функцыян. прызначэнню рэчаў.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва розных комплексаў агульнафізічных практыкаванняў, навыкаў і ўменняў у галіне валодання і кіравання спарт. тэхн. снарадамі, у т. л. снарадамі-апаратамі; сістэма правядзення спаборніцтваў па гэтых комплексах. Кожны Т.в.с. мае канкрэтнае прыкладное значэнне. Выкарыстоўваюцца розныя тэхн. сродкі (аўтамабілі, матацыклы, паветраныя і водныя судны, радыётэхн. прылады, агнястрэльная зброя і інш.). Асаблівасць Т.в.с. ў тым, што спарт. вынікі залежаць не толькі ад фіз. якасцей спартсмена, а і ад ступені дасканаласці валодання тэхн. сродкамі, якімі яны карыстаюцца, і майстэрства кіравання імі.

Развіваюцца з канца 19 ст. разам з развіццём тэхн. сродкаў іх забеспячэння, пераважна на прафес., камерцыйнай аснове. Напачатку развіваліся ў еўрап. краінах, да сярэдзіны 20 ст. пашырыліся ў краінах усіх кантынентаў. Праводзяцца асабістыя і камандныя спаборніцтвы (чэмпіянаты краін, кантынентаў, свету), некаторыя (напр., стралковыя) уключаюцца ў праграму Алімп. гульняў.

На Беларусі Т.в.с. развіваюцца з 1950-х г. Найб. значныя дасягненні атрыманы ў авіяцыйным спорце, аўтамабільным спорце, матацыклетным спорце, падводным спорце, радыёспорце, стралковым спорце, суднамадэльным спорце.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР, у т. л. на Беларусі, якія рыхтавалі кваліфікаваных рабочых для абслугоўвання складанай тэхнікі. Створаны ў 1954. У 1961—63 рэарганізаваны ў праф.-тэхн. навуч. ўстановы. У 1966 адноўлены пры буйных прамысл. прадпрыемствах, с.-г., буд. і інш. арг-цыях. У сістэме навуч. устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі складалі каля 30%. Тэрмін навучання 1—2,5 года. Навучэнцы атрымлівалі веды па ўскладненым курсе агульных і спец. тэхн. дысцыплін, паліт. эканоміі, пытаннях права, эстэтычным і фіз. выхаванні. У 1984 у выніку рэформы агульнаадук. і прафес. школы Т.в. аб’яднаны з прафес.-тэхн. вучылішчамі.

т. 16, с. 150