ТЭ́ХНІКА (ад грэч. technē майстэрства),

сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення матэрыяльнай вытворчасці і задавальнення невытворчых патрэб грамадства; сродкі працы, адзін з асн. элементаў сродкаў вытворчасці і прадукц. сіл грамадства. У Т. матэрыялізаваны назапашаныя чалавецтвам веды і вытв. вопыт, яна аблягчае працу і павышае яе прадукцыйнасць, пашырае магчымасці чалавека ў яго прац. дзейнасці, часткова або цалкам вызваляе чалавека ад працы ў небяспечных для здароўя умовах. Тэрмін «Т.» ўжываецца таксама для сукупнай характарыстыкі навыкаў і прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў якой-н. сферы дзейнасці (Т. жывапісу, Т. танца, Т. справаводства і інш.). Па меры развіцця вытв-сці Т. паступова замяняе чалавека ў выкананні тэхнал. функцый, звязаных з фіз. і разумовай працай.

Сродкі Т. выкарыстоўваюцца: для ўздзеяння на прадметы працы пры стварэнні матэрыяльных і культ. каштоўнасцей; даследавання законаў развіцця прыроды і грамадства; атрымання, перадачы і пераўтварэння энергіі; збору, захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі; кіравання вытв. працэсамі і грамадствам; стварэння матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі; перамяшчэння грузаў, людзей і сувязі; быт. і культ. абслугоўвання; забеспячэння абараназдольнасці і вядзення вайны. Адрозніваюць Т. вытворчую (машыны, у т. л. рухавікі, механізмы, інструменты, апаратура кіравання машынамі і тэхнал. працэсамі, сродкі аўтаматызацыі вытворчасці, вытв. будынкі і збудаванні, дарогі, чыгункі, масты, каналы, сродкі транспарту, энергетыкі, камунікацый, сувязі і інш.) і невытворчую (сродкі камунальнага і быт. прызначэння — камунальныя машыны, легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, халадзільнікі, тэлевізары, магнітафоны, пыласосы, пральныя і кухонныя машыны, спарт. і турысцкі рыштунак, кіна- і фотаапаратура, тэхн. сродкі навучання, аргтэхніка, чарцёжна-канструктарская тэхніка, сцэнічная Т. і інш.). Асобную групу складаюць тэхн. сродкі ваен. прызначэння: танкі, артылерыя, ракеты і ракетныя комплексы, караблі ваенныя (у т. л. падводныя лодкі), лятальныя апараты (у т. л. бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, інш. баявыя і ваенна-трансп. самалёты і верталёты). Звычайна Т. класіфікуюць паводле галіновай структуры вытв-сці (напр., Т. прамысловасці, транспарту, сельскагаспадарчая тэхніка), яе галіновых падраздзяленняў (напр., авіяц., меліярац., энергет. Т.), часам па навук. асновах асобных галін Т. (напр., ядзерная тэхніка, халадзільная тэхніка, вылічальная тэхніка, вымяральная тэхніка, робататэхніка). Асноўныя паказчыкі Т.: прадукцыйнасць (колькасць прадукцыі, якая вырабляецца, апрацоўваецца або перавозіцца за адзінку часу), надзейнасць, эканамічнасць эксплуатацыі (расход спажытай сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі, неабходных для нармальных умоў выкарыстання Т). Сучасная Т. павінна адпавядаць патрабаванням эрганомікі, тэхн. эстэтыкі, экалогіі. Яна характарызуецца высокімі тэмпамі мадэрнізацыі і аўтаматызацыі, уніфікацыяй, стандартызацыяй, інтэнсіўным развіццём энергетыкі, электра- і радыётэхнікі, электронікі, прыладабудавання, авіяц., хім. і нафтахім. Т., шырокім выкарыстаннем аўтаматыкі, прамысловых робатаў, ЭВМ і інш. Дасягненні Т. грунтуюцца на фундаментальных навук. адкрыццях і даследаваннях, з’яўляюцца асновай навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Асн. этапы развіцця Т. адпавядаюць гіст. перыядам (археал. эпохам) чалавецтва, этапам развіцця грамадскай вытв-сці. Першыя прылады працы і віды зброі ўзніклі ў каменным веку: грубаабабітыя каменныя ручныя рубілы, востраканечнікі, скрэблы, разцы, касцяныя прылады (усяго ў познім палеаліце было да 100 тыпаў прылад); у мезаліце — лук і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі, дзіды, дроцікі, нажы, скрабкі і інш.; у неаліце — гліняны посуд, сякеры, долаты, булавы, кліны, шырокія нажы, цёслы, пілы, молаты, матыкі, зерняцёркі, сярпы і інш.; у энеаліце — першыя медныя прылады. У бронзавым веку разам з каменнымі пашырыліся вырабы з бронзы (матыкі, сякеры, сярпы, молаты, мячы, нажы і інш.), удасканальваліся вёсельныя і ветразевыя судны, колавыя павозкі і інш. У жалезным веку асвоены выраб крычнага жалеза з дапамогай сырадутнага працэсу; пашырылася вытв-сць жал. прылад і зброі, кавальскае і ганчарнае рамяство. Вынаходства мех. прадзільнай і паравой машын далі штуршок прамысловаму перавароту канца 18 — пач. 19 ст., у выніку якога адбыўся пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці. Замест ручнога (рамеснага) вырабу мех. станкоў і машын паступова ўзнікла іх прамысл. вытв-сць — машынабудаванне. З канца 19 ст. паравыя машыны выцясняюцца больш эканамічнымі і кампактнымі рухавікамі ўнутранага згарання, якія дазволілі стварыць новыя тыпы рабочых і трансп. машын (аўтамабілі, самалёты, цеплаходы, экскаватары, трактары і інш.). Укараненне электрычных рухавікоў прывяло да паўсюднага выкарыстання іх у групавых і індывідуальных прыводах машын. Выкарыстанне аўтаматаў, ЭВМ, камп’ютэрных сістэм і інш. садзейнічала шырокаму ўкараненню аўтаматызацыі вытворчасці. У сярэдзіне 1940-х г. пачалася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая прывяла да ўзнікнення новых і якасных змен ва ўсіх галінах Т. і ў тэхнал. метадах вытв-сці (гл. Тэхналогія).

Літ.:

История техники. М., 1962;

Шухардин С.В. Основы истории техники. М., 1961;

Мелещенко Ю.С. Техника и закономерности ее развития. Л., 1970;

Лилли С. Люди, машины и история: Пер. с англ. М., 1970;

Боголюбов А.Н. Творения рук человеческих: Естественная история машин. М., 1988;

Кириллин В.А. Страницы истории науки и техники. 3 изд. М., 1994;

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991;

Поликарпов В.С. История науки и техники. Ростов н/Д, 1999.

І.​І.​Леановіч, У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)