Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.І.Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Акцябр». За 24 км на З ад горада і чыг. ст. Салігорск, 140 км ад Мінска. 651 ж., 273 двары (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, гандл. цэнтр.

т. 1, с. 223

АКЦЯБРО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Зара камунізму». За 17 км на ПнЗ ад Кармы, 105 км ад Гомеля, 55 км ад чыг. ст. Рагачоў. 760 ж., 321 двор (1995). Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БРСКАЯ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Сялюты». За 10 км на ПдУ ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Забалоцінка. 1650 ж. (1994), забудавана 2—5-павярховымі дамамі (40) і катэджамі (65). 4 цэхі (кулінарны райспажыўсаюза, па вырабе аўчын, малога прадпрыемства «Палідрэў», рытуальных паслуг). Віцебскае прафес.-тэхн. вучылішча, сярэдняя школа, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БРСКІ,

горад у Башкортастане, на р. Ік, за 25 км ад чыг. ст. Туймазы. Узнік у сувязі з адкрыццём у 1937 Туймазінскага радовішча нафты. 107,3 тыс. ж. (1992). Цэнтр нафтаздабыўной прам-сці. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, аўтапрылады і інш.) і металаапрацоўка, лёгкая прам-сць. Вытворчасць буд. матэрыялаў.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БРСКІ,

гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс. ж.

Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.

Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БРСКІ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр пасялковага Савета і торфапрадпрыемства «1 Мая». За 12 км на У ад г. Чашнікі, 80 км ад Віцебска, 15 км ад чыг. ст. Чашнікі. Утвораны ў 1967 з пасёлка торфапрадпрыемства «1 Мая» (існаваў з 1949). 310 ж., 141 двор (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 1, с. 223

Акцябрскі

т. 18, кн. 1, с. 332

АКЦЯ́БРСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1967 у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. Меў 2026 адзінак асн. фонду (1993). Сярод экспанатаў макет бел. хаты, прадметы сял. побыту і традыц. працы, мужчынскія і жаночыя нац. касцюмы; дакументы з гісторыі в. Рудобелка; матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыста М.Лапы, вядомых землякоў К.П.Арлоўскага, А.Р.Салаўя, М.А.Ляўкова, Л.Я.Адзінцова і інш.; пра падзеі Вял. Айч. вайны (баявыя дзеянні на тэр. раёна партыз. атрадаў і брыгад, патрыят. падполля, асабістыя рэчы і дакументы Герояў Сав. Саюза Ц.П.Бумажкова, Ф.І.Паўлоўскага, Ф.М.Языковіча і інш., вызваленне раёна ад ням. фашыстаў). Экспанаты музея расказвалі таксама пра ўраджэнцаў раёна, якія ваявалі ў Афганістане. 5.2.1994 у выніку пажару большасць экспанатаў загінула.

т. 1, с. 223

АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 21,3 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п. Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.

Знаходзіцца ў паўн.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубоваграбавыя. Агульная пл. балот 14 тыс. га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.

У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс. га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс. га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік». Г.М.Дзегцяроў.

т. 1, с. 223