АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.І.Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)