Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АХЛАКРА́ТЫЯ

(ад грэч. ochlos натоўп + kratos улада),

1) у старажытнагрэчаскіх вучэннях пра дзяржаву (Платон, Арыстоцель) — панаванне натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, вулічных бунтаў, адметных праяўленнем ганебных намераў і дзеянняў.

2) Улада грамадска-паліт. груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у найб. прымітыўных варыянтах. Для ахлакратыі характэрны зменлівы паліт. курс, які адлюстроўвае дынамічны настрой «чалавека з народа», незадаволенага сваім статусам і гатовага да неадкладнага вырашэння складаных грамадскіх праблем спрошчаным метадам. Недахоп паліт. кампетэнцыі, цяга да даброт, што прыносіць улада, унутрыпаліт. і знешнепаліт. авантур робяць ахлакратыю адной з небяспечных паліт. з’яў, здольных прывесці грамадства да агульнанар. Катастрофы.

т. 2, с. 145

АХЛО́ПКАЎ Мікалай Пятровіч

(15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

т. 2, с. 145

АХМАДАБА́Д,

Ахмедабад, горад у Індыі, на р. Сабарматы, штат Гуджарат. Засн. ў 1411. 4775,7 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Адзін з найважнейшых прамысл. і гандл.-фін. цэнтраў Зах. Індыі. Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (баваўняныя пража і тканіны, шарсцяныя тканіны, штучны шоўк). Металаапр., маш.-буд., папяровая, хім., гарбарная, запалкавая, харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць парчы, шоўку, ювелірных і лакавых вырабаў, мастацкае разьбярства. Арх. помнікі 15—17 ст. 3 ун-ты, у тым ліку Гуджарацкі. Музей.

т. 2, с. 145

АХМАДНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў канцы 15—17 ст. ў Індыі. Заснавана намеснікам бахманідскага султана ў Джунары Малікам Ахмадам, які ў 1490 абвясціў сябе незалежным кіраўніком з тытулам нізамшаха. Назва дзяржавы ад сваёй сталіцы — г. Ахмаднагар (засн. Ў 1494). У канцы 16 — пач. 17 ст. Ахмаднагар вяла доўгія войны з Вялікімі Маголамі і ў 1636 падпарадкавана Шах-Джаханам.

т. 2, с. 146

АХМАДУ́ЛІНА Бэла

(Ізабэла) Ахатаўна (н. 10.4.1937, г. Масква),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.Горкага (выключана за подпіс ліста ў абарону Б.Пастарнака). Друкуецца з 1955. Аўтар зб. вершаў «Струна» (1962), «Урокі музыкі» (1969), «Свечка» (1977), «Сад» (1987; Дзярж. прэмія СССР 1989), «Таямніца» (1983), «Выбранае» (1988); паэм «Мая радаслоўная» (1964), нарысаў, кінасцэнарыяў. Перакладае з груз. і інш. моў: у 1959 выйшаў зб. вершаў груз. паэтэсы Г.Каландадзе «Ляціце, лісты», у 1977 — кн. арыгінальных перакладаў і вершаў «Сны пра Грузію».

т. 2, с. 146

АХМАДЫ́,

Эль-Ахмады, горад у Кувейце. 27 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1989). Цэнтр нафтаздабыўнога раёна. Вузел нафта- і газаправодаў. З-ды па перапрацоўцы нафты, звадкаванні газу і апрасненні марской вады. Экспарт нафты праз порт Міна-эль-Ахмады (уваходзіць у склад Ахмады) на ўзбярэжжы Персідскага зал.

т. 2, с. 146

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́

(каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

АХМА́НСКІ

(Ochmaski) Ежы (н. 4.12.1933, г. Руднік Тарнабжэгскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Скончыў Пазнанскі ун-т (1955). Д-р гіст. н. (1960), праф. Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі ВКЛ, каталіцкай царквы на Беларусі і ў Літве ў 15—16 ст., крыніцазнаўстве, гіст. геаграфіі, культуры Усх. Еўропы. Аўтар даследаванняў пра Хроніку Быхаўца, пра жыццёвы шлях Міхалона Літвіна, Міколы Гусоўскага і інш., крыніцазнаўчай працы «Вітаўдзіяна. Кодэкс прывілеяў вялікага князя літоўскага Вітаўта 1386—1430» (1986).

Тв.:

Organizacja obrony w Wielkim Księstwie Litewskim przed napadami tatarόw krymskich w XV—XVI wieku. Warszawa, 1960;

Biskupstwo wileskie w średniowieczu. Pozna, 1972.

т. 2, с. 146

АХМА́РАЎ Чынгіз Габдурахманавіч

(н. 18.8.1912, в. Троіцк Чэлябінскай вобл., Расія),

жывапісец-манументаліст. Нар. мастак Узбекістана (1964). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1935—42). Творча выкарыстаў традыцыі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага жывапісу ў стварэнні тонкай па колеры і малюнку насценнай размалёўкі: у фае Вял. т-ра оперы і балета імя А.Наваі (1944—47; Дзярж. прэмія СССР 1948), у Ін-це ўсходазнаўства імя А.Біруні (1968—70) у Ташкенце, «Сагдыйскае вяселле» (1975—76) і інш. Аўтар станковых работ («Тамара Ханум», 1978, і інш.). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1968.

т. 2, с. 146

АХМА́Т,

Ахмут, Ахмед (? — студз. 1481), хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял. кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл. «Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).

т. 2, с. 146