АХМА́Т,

Ахмут, Ахмед (? — студз. 1481), хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял. кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл. «Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)