Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АХЛАКРА́ТЫЯ

(ад грэч. ochlos натоўп + kratos улада),

1) у старажытнагрэчаскіх вучэннях пра дзяржаву (Платон, Арыстоцель) — панаванне натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, вулічных бунтаў, адметных праяўленнем ганебных намераў і дзеянняў.

2) Улада грамадска-паліт. груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у найб. прымітыўных варыянтах. Для ахлакратыі характэрны зменлівы паліт. курс, які адлюстроўвае дынамічны настрой «чалавека з народа», незадаволенага сваім статусам і гатовага да неадкладнага вырашэння складаных грамадскіх праблем спрошчаным метадам. Недахоп паліт. кампетэнцыі, цяга да даброт, што прыносіць улада, унутрыпаліт. і знешнепаліт. авантур робяць ахлакратыю адной з небяспечных паліт. з’яў, здольных прывесці грамадства да агульнанар. Катастрофы.

т. 2, с. 145

АХЛО́ПКАЎ Мікалай Пятровіч

(15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

т. 2, с. 145