АХА́,
горад у Расіі, цэнтр раёна Сахалінскай вобл., у паўн.-ўсх. частцы в-ва Сахалін. Вядомы з 1880. 35,6 тыс. ж. (1994). Звязаны чыг. лініяй з портам Маскальво. Цэнтр нафтавай і газавай прам-сці Сахаліна. Металаапр., дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. Матэрыялаў.
т. 2, с. 143
А́ХА
(Aho; сапр. Бруфельт; Brofeldt) Юхані (11.9.1861, г. Лапінлахты, Фінляндыя — 8.8.1921),
фінскі пісьменнік, журналіст. Аўтар рэаліст. аповесцяў «На заезным двары», «Чалавек з кірмашу», «Чыгунка» (усе 1884), «Адзінокі» (1890), «Раздушаны светам» (1894) і інш., зб. навел «Стружкі» (т. 1—8, 1891—1921). Падзеі стараж. гісторыі фінскага народа ў рамане «Пану» (1897) апісаны ў духу т.зв. нац. рамантызму. У творах апошніх гадоў пераважае абстрактны псіхалагізм (раманы «Юха», 1911; «Сумленне», 1914, і інш.). У 1918—19 напісаў кн.-дзённік «Паасобныя разважанні за тыдні паўстання».
Тв.:
Рус. пер. — Совесть: Роман, повести, рассказы. Л., 1969.
т. 2, с. 143
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.
т. 2, с. 143
АХА́ГАР
(Ahaggar),
Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.
т. 2, с. 143
АХАЛАДЖЭ́ННЕ,
працэс адвядзення цеплаты ад рэчыва ці аб’екта з мэтай паніжэння яго тэмпературы. Адрозніваюць ахаладжэнне ўмеранае (вышэй за 120 К) і крыягеннае (ніжэй за 120 К). Для ўмеранага выкарыстоўваюць сумесі цвёрдых ці вадкіх рэчываў: ваду, лёд, іх сумесі з солямі, напрыклад з хлорыстымі натрыем і амоніем; прыстасаванні (напр., халадзільнікі) з вадкімі холадаагентамі (пераважна аміяк, прапан-прапіленавыя сумесі, хладоны). Крыягеннае ахаладжэнне адбываецца пры выпарэнні звадкаваных газаў (паветра, азот, вадарод, гелій) з дапамогай халадзільных установак.
т. 2, с. 143
АХАЛТЭКІ́НСКАЯ ПАРО́ДА коней, старажытная верхавая парода. Выведзена нар. селекцыяй на тэр. сучаснага Туркменістана. Зрабіла вял. ўплыў на сусв. конегадоўлю. Разводзяць у Расіі, Казахстане, Туркменістане, Германіі, ЗША. З удзелам ахалтэкінскай пароды выведзены арабская, чыстакроўная верхавая, тракененская і інш. пароды коней. На Беларусі выкарыстоўваецца ў селекцыі і конным спорце.
Зграбныя прыгожыя коні гнядой, буланай, вараной, рыжай і інш. масцей. Выш. ў холцы 156—158 см. Трывалыя на доўгіх дыстанцыях, рэзультатыўныя ў спаборніцтвах па выездцы. Рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,6 с.
т. 2, с. 143
АХА́РЫУС
(Acharius) Эрык (10.10.1757, г. Еўле, Швецыя — 14.8.1819),
шведскі батанік і медык. Праф. у Вадстэне. Распрацаваў першую класіфікацыю, у якой улічыў дыягнастычную прыкмету грыбоў — пладовыя целы. Увёў шэраг тэрмінаў, што ўжываюцца пры марфалагічных апісаннях лішайнікаў.
т. 2, с. 143
АХАЎНІ́
(сапр. Грыгаран Ахаўні Аршакаўна; нарадзілася 15.7.1911, г. Карс, Турцыя),
армянская пісьменніца. Засл. дз. культуры Арменіі (1967). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1930), «Манташ» (1934), «Баявыя песні» (1942), «Мой песеннік» (1944). Раманы «Шырак» (кн. 1—2, 1954—63), «Добрай раніцы, Арэг» (1980) пра жыццё дарэв. і сучаснай арм. вёскі. Пераклала на арм. мову паасобныя творы Я.Купалы.
т. 2, с. 143
АХА́Я,
Ахея (грэч. Achaia), вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз. рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.
т. 2, с. 143