Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АХВА́З,

горад на ПдЗ Ірана. Адм. ц. астана Хузістан. 580 тыс. ж. (1986). Чыг. вузел. Аэрапорт. Порт на р. Карун. Цэнтр нафтаздабычы. Пачатковы пункт нафтаправодаў у Тэгеран і Абадан. Пракат сталі, тэкст., харч. прам-сць, вытворчасць будматэрыялаў, выраб ювелірных упрыгожанняў. Ун-т.

т. 2, с. 143

АХВА́З,

вялікае газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1958. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1215 млн. т, газу 311 млрд. м³. Прадукцыйныя паклады на глыб. 2,6—4 км. Шчыльн. нафты 863 кг/м³. Нафтаправоды да гарадоў Абадан і Тэгеран.

т. 2, с. 143

АХВЕ́РДАЎ Абдурагім Асадбекаглы

(28.5.1870, г. Шуша, Нагорны Карабах — 12.12.1933),

азербайджанскі пісьменнік, драматург. Засл. дз. мастацтваў Азербайджана (1928). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Аўтар камедый і трагедый, у якіх высмейваў патрыярхальна-феад. парадкі («Няшчасны юнак», 1900), паказваў дэспатызм («Ага Мухамед шах Каджар», 1907), сквапнасць памешчыкаў і святароў («Лісты з пекла», «Бомба», «Падарожжа Мазалнбека»), ставіў актуальныя праблемы часу («Старое пакаленне», «У цяні дрэва», «Свята жанчыны»). Пісаў апавяданні, фельетоны, нарысы.

т. 2, с. 143

АХВЕ́РДАЎ Іосіф Мікалаевіч

(н. 28.6.1916, Тбілісі),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1960). Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Скончыў Тбіліскі ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1939). З 1958 у Ін-це буд-ва і архітэктуры АН Беларусі, з 1971 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах фізіка-хім. механікі і рэалогіі бетонных сумесяў, тэорыі структураўтварэння і цвярдзення бетону, тэхналогіі вырабу жалезабетонных трубаў і інш.

Тв.:

Основы физики бетона. М., 1981;

Технология железобетонных изделий специального назначения. Мн., 1993.

т. 2, с. 144

АХВЛЕДЫЯ́НІ Алена Дзмітрыеўна

(5.4.1901, г. Тэлаві, Грузія — 1975),

жывапісец, графік, тэатр. мастак. Нар. мастак Грузіі (1960). Вучылася ў Тбіліскай АМ (1922), у Італіі, Парыжы (1922—27). Майстар пейзажа: панарамныя віды груз. гарадоў, у тым ліку серыя «Стары і новы Тбілісі» (1961—67). Ілюстравала творы Э.Нінашвілі, І.Чаўчавадзе, Г.Лангфела, Важа Пшавелы. Аформіла шэраг фільмаў і больш за 60 спектакляў.

т. 2, с. 144

АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,

абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.

В.В.Краснова.

т. 2, с. 144

АХВЯ́РНІК

(лац. Ara),

сузор’е ў Паўд. паўшар’і неба; дзве найб. яркія зоркі 2,8 і 3 візуальнай зорнай велічыні. Іл. гл. пры арт. Зорнае неба.

т. 2, с. 144