АХЕ́ДА
(Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515),
іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у тым ліку Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.
т. 2, с. 144
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім аюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
т. 2, с. 144
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.а.а.грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
т. 2, с. 144
АХЕМЕНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаперсідская дзяржава ў 550—330 да нашай эры. Назва ад царскай дынастыі Ахеменідаў. Створана ў выніку ваен. паходаў Кіра II, пашырана пры Камбісе II і Дарыю І. Адна з найбуйнейшых стараж. імперый, у склад якой уваходзілі Мідыя (з 550), Элам, Лідыя, амаль уся М. Азія (заваяваны да 546), значная ч. Сярэдняй Азіі (з 545—539), Вавілонія (з 539), Егіпет (з 525), а-вы Эгейскага м., Фракія, Македонія і паўн.-зах. ч. Індыі (з 519—512). Сталіцамі яе былі Персепаль, Вавілон, Сузы і Экбатана. Прывілеяванае становішча ў дзяржаве займалі персы (камандавалі ў арміі і на флоце, кіравалі адм. апаратам). Ваен.-паліт. і сац.-эканам. рэформы Дарыя І садзейнічалі росквіту краіны (уздым рамяства, гандлю, будаўніцтва). Асн. ч. зямельнага фонду належала абшчыннікам, якія плацілі падаткі непасрэдна ў казну і выконвалі ўсе павіннасці. Рабоў у імперыі было няшмат (гал. Чынам працавалі ў рудніках, каменяломнях, хатнімі слугамі). Грэка-перс. войны 500—449 да нашай эры і антыперс. паўстанні (у Егіпце, Сірыі, Лідыі) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Заваявана Аляксандрам Македонскім.
Літ.:
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Дандамаев М.А. Политическая история Ахеменидской державы. М., 1985.
т. 2, с. 144
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір І, Камбіс І (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый І (522—486), Ксеркс І (486—465), Артаксеркс І (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
т. 2, с. 144
А́ХЕН
(Aachen),
горад у ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1-га ст. нашай эры як рымскае пасяленне Акве-Грані (пазней Аквісгранум) каля мінер. лячэбных крыніц. У канцы 8 — пач. 9 ст. — адна з рэзідэнцый Карла Вялікага. 239 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр кам.-вуг. басейна. Машынабудаванне (у тым ліку цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), тэкст. (шарсцяная), хім., шкляная, харч. прам-сць. Бальнеалагічны курорт. Гарачыя тэрмальныя крыніцы (да 75 °C) мінер. водаў вядомы яшчэ з дарымскіх часоў. Адраджэнне і росквіт курорта прыпадаюць на 17—19 ст. Мінер. воды эфектыўныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, суставаў, скуры. Арх.-гіст. помнікі 8—16 ст. Тэхн. ун-т. Музеі. Цэнтр міжнар. турызму.
т. 2, с. 144
АХЕТАТО́Н
(егіп. «Гарызонт Атона»),
горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.
т. 2, с. 145