Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АХІЕ́ЗЕР (Аляксандр Ільіч) (н. 31.10.1911, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

украінскі фізік, стваральнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад. АН Украіны (1964). Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1940). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1934). З 1934 у Фізіка-тэхн. ін-це Украіны (Харкаў), адначасова (1940—75) у Харкаўскім ун-це. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы і інш. кірунках фізікі.

Тв.:

Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969 (разам з У.​Б.​Берасцецкім);

Методы статистической физики. М., 1977 (разам з С.​У.​Пелятмінскім);

Электродинамика адронов. Киев, 1977 (разам з М.​П.​Рэкалам).

т. 2, с. 145

Ахіезер Навум Ільіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А.ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ, пятачнае сухажылле,

адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.

т. 2, с. 145

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

АХІ́МСА, ахінса (санскр., літар. ўстрыманне ад насілля, ненасілле),

непрычыненне шкоды жывым істотам у будызме, джайнізме і індуізме, асноватворная дактрына, адзін з вышэйшых зарокаў і правілаў паводзін у гэтых і шэрагу інш. рэлігійных вучэнняў.

т. 2, с. 145

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145