Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).

Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.

Альбіцыя ленкаранскяя («шаўковая акацыя»).

т. 1, с. 274

АЛЬБО́М (франц. album),

1) пераплеценыя чыстыя лісты для малюнкаў, фатаграфій, аўтографаў, калекцый.

2) Збор рэпрадукцый, фотакартак, чарцяжоў і інш., выдадзеных у выглядзе кнігі, часта з тлумачальным тэкстам.

т. 1, с. 274

АЛЬБРЫ́ХСКІ ((Olbrychski) Даніэль) (н. 27.2.1945, в. Саннікі каля Варшавы),

польскі акцёр тэатра і кіно. Вучыўся ў тэатр. студыі «Школа Варшаўска». З 1963 у кіно. Акцёр шырокага псіхал. дыяпазону, майстар дынамічнага малюнка ролі. Зняўся ў фільмах А.Вайды («Попел», «Усё на продаж»), Е.Гофмана («Пан Валадыёўскі», «Патоп»), К.Занусі («Сямейнае жыццё», «Структура крышталю»), Ф.Шлёндарфа («Бляшаны барабан», ФРГ), здымаўся ў Венгрыі і Італіі. У 1969—77 у Тэатры нарадовым: Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш. Нац. прэмія імя З.Цыбульскага.

т. 1, с. 274

АЛЬБРЭ́ХТАЎСКІ СТЭАРЫ́НАВА-СВЕ́ЧАЧНЫ І МЫЛАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1836—1910 у маёнтку Альбрэхтава Пінскага пав. (цяпер у межах Пінска). Вырабляў стэарынавыя свечкі, мыла, алеін, гліцэрын. У 1862 за суткі выраблялася 50—60 пудоў (каля 1 т) свечак. У 1876—77 працавалі 213 рабочых, у 1900 — 66 чал. На Усерасійскіх выстаўках 1861, 1865 і 1870 вырабы з-да адзначаны сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 274

А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),

апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта І Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.

А.П.Грыцкевіч.

т. 1, с. 274

А́ЛЬБРЭХТ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Albrecht der Bär; каля 1100—18.11.1170),

першы маркграф Брандэнбурга (з 1157). Вёў беспаспяховую барацьбу за Саксонію, з 1134 пачаў заваяванне слав. плямёнаў гавалян і люцічаў, адзін з кіраўнікоў крыжовага паходу супраць славян 1147. У 1150 захапіў гал. цэнтр гавалян Бранібор (пазней Брандэнбург). Пры гэтым знішчалася мясц. насельніцтва, насаджалася хрысціянства, на захопленыя землі перасяляліся каланісты з Германіі і Нідэрландаў.

т. 1, с. 274

АЛЬБУКЕ́РКЕ (Albuquerque),

горад на ПдЗ ЗША, штат Нью-Мексіка. Засн. ў 1706. 481 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр с.-г. і горнапрамысл. (уран, каляровыя металы) раёна. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, паўправадніковых прылад), авіяц. (выраб вузлоў рухавікоў), атамнай (распрацоўка, вытв-сць і выпрабаванне ядз. зброі) прам-сці. Навук.-даследчы атамны цэнтр. Ун-т. Кліматычны курорт на выш. 1500 м.

т. 1, с. 274

АЛЬБУМІНУРЫ́Я,

гл. Пратэінурыя.

т. 1, с. 274

АЛЬБУМІ́НЫ,

простыя глабулярныя бялкі. Раствараюцца ў вадзе, салявых растворах, разбаўленых к-тах і шчолачах. У растворы сульфату амонію (больш за 50%) высольваюцца. Ёсць у сываратцы крыві (сываратачны альбумін), у малацэ (лактальбумін), яечным бялку (авальбумін), у насенні раслін і інш. Асн. рэзервовыя бялкі арганізма, здольныя забяспечваць звязванне і перанос крывёй вітамінаў, гармонаў (напр., з альбумінамі звязана 75—82% кортыкастэроідаў крыві). Выкарыстоўваюцца ў мед., кандытарскай, тэкст. і інш. прам-сці.

т. 1, с. 274

А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),

высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».

т. 1, с. 274