Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАТА́Н,

рака на З Кітая, правы прыток р. Тарым. Утвараецца ад сутокаў рэк Каракаш і Юрункаш, якія пачынаюцца на З Куньлуня. Даўж. (ад вытоку р. Каракаш) 1035 км, пл. бас. 43,6 тыс. км². Перасякае пустыню Такла-Макан, дзе рэчышча напаўняецца вадой толькі ў час паводкі (ліп.—жн.). Сярэдні расход вады на выхадзе з гор каля 120 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне Хатанскага аазіса.

т. 16, с. 560

ХА́ТАНГСКІ ЗАЛІ́Ў.

У моры Лапцевых, абмывае з ПдУ п-аў Таймыр. Даўж. 220 км, шыр. да 54 км, глыб. да 29 м. Злучаны з морам пралівамі Паўночным (шыр. 13 км) і Усходнім (шыр. 8 км). Каля ўваходу ў Х.з. — в-аў Вял. Бегічаў. Упадае р. Хатанга. Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Б.ч. года ўкрыты лёдам.

т. 16, с. 560

ХАТКЕ́ВІЧ Анатоль Рыгоравіч (н. 21.1.1931, в. Новая Падваложка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1955). З 1957 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы і акустыцы крышталёў, нелінейнай оптыцы і акустаоптыцы. Прапанаваў класіфікацыю крышт. асяроддзяў па акустычных уласцівасцях, пабудаваў тэорыю генерацыі выпрамянення з пераўтварэннем частаты святла. Развіў тэорыю дыфракцыі і распаўсюджвання светлавых і гукавых пучкоў у крышталях пры наяўнасці аптычнай гірацыі.

Тв.:

Акустооптические и нелинейные преобразования излучения в особых направлениях кристаллов // Журн. прикладной спектроскопии. 1994. Т. 61. № 5/6;

Коническая рефракция и преобразование излучения вблизи оптических осей // Там жа. 1996. Т. 63, № 6;

Групповое представление волн в гиротропных кристаллах (разам з Л.​А.​Хаткевіч) // Там жа. 2002. Т. 69, № 1.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 561

ХАТЛЯ́НЫ,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПдУ ад г. Узда, 63 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Рудзенск. 160 ж., 57 двароў (2002). Племянны свінагадоўчы саўгас-камбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (2-Я пал. 19 ст.). Курганны могільнік.

Вядомы з 1652, уласнасць кн. Галоўчынскіх, Быхаўцаў, Заранкаў, Завішаў, Грабоўскіх. У 1895 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1886 сяло ў Шацкай вол. Ігуменскага пав., 585 ж., 58 двароў, царк. прыход; у 1909—1150 ж., 168 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Шацкага, у 1927—60 і з 1996 Уздзенскага р-наў.

т. 16, с. 561

ХА́ТНІЯ ПРО́МЫСЛЫ,

гл. ў арт. Рамяство.

т. 16, с. 561

ХАТО́Р,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня неба і ўрадлівасці, кахання і весялосці. Яе ўяўлялі або каровай, або жанчынай з каровінай галавой ці толькі з каровінымі рагамі. Лічылася апякункай жанчын і дзяцей.

т. 16, с. 561

ХАТЫЁДЗІ,

горад у Японіі, на в-ве Хонсю, спадарожнік Токіо. 481 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел. Прам-сць: тэкст. (шаўковая), эл.-тэхн., маш.-буд., хім., дрэваапрацоўчая.

т. 16, с. 561

ХАТЫЛЁВА Любоў Уладзіміраўна (н. 12.3.1928, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла БСГА (1948). З 1955 у Ін-це біялогіі, з 1963 у Аддзеле генетыкі і цыталогіі. з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі (з 1971 дырэктар), адначасова акад.-сакратар Аддз. біял. навук (1992—97), з 1997 саветнік Прэзідыума Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, прыкладных пытаннях матэм. генетыкі, генетыкі камбінацыйнай здольнасці раслін. Распрацавала метад яе ацэнкі і схему аналізу ўзаемадзеяння камбінацыйнай здольнасці з навакольным асяроддзем. Сааўтар сорту збожжавай культуры трыцікале Няміга, сорту перцу салодкага Залацісты, гібрыдаў памідор Старт і Шторм. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Селекция гибридной кукурузы. Мн., 1965;

Взаимодействие генотипа и среды. Мн., 1982 (разам з Л.​А.​Таруцінай);

Взаимодействие генов при гетерозисе. Мн., 1990 (з ёй жа);

Экологическая селекция растений. Мн., 1997 (разам з А.​У.​Кільчэўскім).

Літ.:

Биологи: Биогр. справ. Киев. 1984.

Л.У.​Хатылёва.

т. 16, с. 561

ХАТЫ́НІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ганцавічы—Лагішын. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад г. Ганцавічы, 263 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Люсіна. 2686 ж., 1048 двароў (2002). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1868).

т. 16, с. 561

ХАТЫ́НЬ,

мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш. бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял. Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б. в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.​Градаў, В.​Занковіч, Л.​Левін, скульпт. С.​Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз. скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял. Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.

Літ.:

Андрушчанка М.К. Хатынь. Мн., 1969;

Хатынь. Мн., 1973;

Казюля Я.К. Хатынь: [Альбом]. 4 выд. Мн., 2002.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Хатынь. Могілкі вёсак.

т. 16, с. 561