Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.

Літ.:

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

В.С.Аношка.

т. 9, с. 119

ЛА́НДШТАЙНЕР (Landsteiner) Карл

(14.6.1868, Вена — 26.6.1943),

аўстрыйскі вучоны, адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Венскі ун-т (1891). З 1922 праф. паталогіі і бактэрыялогіі Ракфелераўскага ін-та ў Нью-Йорку. Навук. працы па імуналогіі і імунахіміі. Разам з Я.Янскім адкрыў групы крыві чалавека (1900), з Э.Поперам даказаў інфекц. прыроду поліяміэліту (1909), з А.Вінерам выявіў рэзус-фактар (1940). Нобелеўская прэмія 1930.

т. 9, с. 123

ЛАНДШТУ́РМ

(ад ням. Land зямля, краіна + Sturm атака),

катэгорыя ваеннаабавязаных запасу 3-й чаргі ў дапаможных вайск. фарміраваннях, якія ствараліся з іх у Прусіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі і інш. дзяржавах у 19—1-й пал. 20 ст. Выкарыстоўваліся пераважна для аховы дзярж. граніц, камунікацый, складоў і інш. У фаш. Германіі ў 1944 Л. быў заменены фольксштурмам.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЫ

(франц. landes ад гальскага landa пустка),

ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.

т. 9, с. 123

ЛАНДЫЧЭ́НКА Віктар Фёдаравіч

(12.2. 1922, в. Міхайлова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 31.3.1980),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Ташкенцкае пях. вучылішча (1943). З 1943 на Варонежскім, Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Віцебскай вобл. Вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Латвіі ў 1944: 11 жн. першы фарсіраваў р. Мемеле і знішчыў 2 агнявыя пункты ворага; 18 вер. з групай разведчыкаў разграміў апорны пункт гітлераўцаў; у кастр. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЫШ

(Convallaria),

род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.

Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

Ландыш.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЭР, Ланер (Lander) Гаральд

[сапр. Стэўнсборг (Stevnsborg) Альфрэд Бернхарт; 25.2.1905, Капенгаген — 14.9.1971],

дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог. З 1913 вучыўся ў школе Каралеўскага дацкага балета (у 1932—51 яе кіраўнік), у 1927—29 у ЗША у М.Фокіка. Вывучаў рус. і мексіканскія нар. танцы. З 1923 характарны танцоўшчык, з 1929 саліст, у 1931—51 кіраўнік Каралеўскага дацкага балета. Паставіў больш за 30 балетаў на муз. Ф.Пуленка, К.Рысагера, Ж.Ф.Рамо і інш. З 1953 выкладчык, у 1956—63 кіраўнік школы Парыжскай оперы. Адначасова працаваў у інш. краінах. У 1964 стварыў студыю ў Парыжы. Яго спектаклі на нац. сюжэты былі насычаны нар. танцамі. У лепшым з пастаўленых ім балетаў — «Эцюды» на муз. К.Чэрні (1948) па-новаму выкарыстаў выразныя сродкі класічнага танца.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,

каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл. Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.

т. 9, с. 123

ЛАНЖЭВЭ́Н (Langevin) Поль

(23.1.1872, Парыж — 19.12.1946),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1934). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1924) і ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Школу фізікі і хіміі (1891) і Нармальную школу (1897) у Парыжы. З 1902 у Калеж дэ Франс (з 1902 праф.), адначасова з 1905 у Школе фізікі і хіміі (з 1925 дырэктар). Навук. працы па іанізацыі газаў, квантавай тэорыі, тэорыі адноснасці, магнетызме і ультраакустыцы. Стварыў статыстычную тэорыю дыя- і парамагнетызму (1903—05). Незалежна ад А.Эйнштэйна ўстанавіў сувязь паміж масай і энергіяй (1906) і выявіў існаванне дэфекту масы (1913). Распрацаваў асновы гідралакацыі, першым выкарыстаў ультрагук для падводнай сігналізацыі і выяўлення падводных лодак (1916). Актыўны антыфашыст і прыхільнік Народнага фронту Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1960.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. Поль Ланжевен. М., 1962.

П.Ланжэвэн.

т. 9, с. 123

ЛАНЖЭРО́Н

(франц. longeron ад longer ісці ўздоўж),

асноўны сілавы элемент канструкцый многіх інж. збудаванняў (самалётаў, аўтамабіляў, вагонаў, мастоў і інш.), які размяшчаецца па даўжыні канструкцыі. У самалётаў Л. разам са стрынгерамі ўтварае падоўжны набор крыла, фюзеляжа і інш.; у аўтамабіляў і вагонаў 2 Л., злучаныя папярочнымі элементамі, утвараюць раму (шасі), якая нясе кузаў, колы і рухавік.

т. 9, с. 123