ЛАНЖЭВЭ́Н (Langevin) Поль

(23.1.1872, Парыж — 19.12.1946),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1934). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1924) і ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Школу фізікі і хіміі (1891) і Нармальную школу (1897) у Парыжы. З 1902 у Калеж дэ Франс (з 1902 праф.), адначасова з 1905 у Школе фізікі і хіміі (з 1925 дырэктар). Навук. працы па іанізацыі газаў, квантавай тэорыі, тэорыі адноснасці, магнетызме і ультраакустыцы. Стварыў статыстычную тэорыю дыя- і парамагнетызму (1903—05). Незалежна ад А.Эйнштэйна ўстанавіў сувязь паміж масай і энергіяй (1906) і выявіў існаванне дэфекту масы (1913). Распрацаваў асновы гідралакацыі, першым выкарыстаў ультрагук для падводнай сігналізацыі і выяўлення падводных лодак (1916). Актыўны антыфашыст і прыхільнік Народнага фронту Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1960.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. Поль Ланжевен. М., 1962.

П.Ланжэвэн.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)