Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРНА́РНАЯ РЫФМО́ЎКА (ад лац. ternarius трайны),

сістэма трайных сугуччаў клаўзул у шасцірадковай страфе па схеме аабввб. Узнікла ў сярэдневяковых лац. гімнах, затым стала прыкметай рансаравай страфы:

Ты адзінокай, я сіратою —
Возьмем і пойдзем разам з табою
Колкай жыцця пуцявінкай;
Долю, нядолю, сэрцы і думы,
Зложым скарб гэты ў скрыню адну мы,
Будзь ты маёю, дзяўчынка!
(Я.​Купала. «Дзяўчынка»).

Існуюць зваротная Т.р. — аббавв («Вераніка» М.​Багдановіча), слізгаючая Т.р. — абвабв («Босыя на вогнішчы» М.​Чарота).

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 142

ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ. рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц. імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Некрасова Е.А. Тернер. М., 1976.

Т.​В.​Пешына.

У.Тэрнер. Пахаванне на моры. 1842.

т. 16, с. 142

ТЭРО́Р (лац. terror страх, жах),

тэорыя і практыка выкарыстання насілля ў паліт. мэтах. Гл. Тэрарызм.

т. 16, с. 142

ТЭРПЕНЦІ́Н,

тое, што жывіца.

т. 16, с. 142

ТЭРПЕНЦІ́НАВАЕ МА́СЛА,

тое, што шкіпінар.

т. 16, с. 142

ТЭРПЕ́НЫ (ад грэч. terebinthos тэрпенцінавае дрэва),

пашыраныя ў прыродзе ненасычаныя вуглевадароды агульнай ф-лы (C5H8)n, дзе n > 2; адносяцца да ізапрэноідаў.

Паводле колькасці ізапрэнавых звёнаў падзяляюць на монатэрпены (n = 2), ці ўласна Т. (найб. пашыраныя), сэсквітэрпены (n = 3), дытэрпены (n = 4), трытэрпены (n = 6) і політэрпены (напр., каўчук натуральны). У кожнай групе Т. адрозніваюць аліфатычныя, ці ацыклічныя (з адкрытым ланцугом вугляродных атамаў), і карбацыклічныя злучэнні, якія падзяляюць на мона-, бі- і трыцыклічныя (адпаведна з 1, 2 і 3 карбацыкламі ў малекуле); ды-, тры- і політэрпены могуць мець больш за 3 цыклы. Т. выяўлены амаль ва ўсіх тканках раслін; звычайна ў эфірных алеях, шкіпінарах, бальзамах, смолах разам з Т. ёсць іх кіслародзамяшчальныя вытворныя — тэрпеноіды. Паводле характару функц. груп тэрпеноіды падзяляюць на спірты, альдэгіды, кетоны, эфіры, к-ты і інш. (напр., камфора, ментол, смаляныя кіслоты, тэрпінеол). Монатэрпены — бясколерныя вадкасці (tкіп 150—190 °C), сэсквітэрпены — бясколерныя вязкія вадкасці або легкаплаўкія крышт. рэчывы (tкіп 230—300 °C), для дытэрпенаў tкіп> 300 °C. Большасць Т. маюць шчыльн. < 1000 кг/м³. Усе Т. добра раствараюцца ў непалярных арган. растваральніках і раствараюць алеі, тлушчы і смолы, не раствараюцца ў вадзе. Многія аптычна актыўныя. Т. лёгка акісляюцца на паветры (асабліва на святле), ізамерызуюцца і полімерызуюцца, далучаюць галагены і галагенавадароды. Т. вылучаюць з прыроднай сыравіны перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі; індывід. Т. атрымліваюць з іх сумесей фракцыйнай рэктыфікацыяй у вакууме, вымарожваннем і інш. метадамі, а таксама сінтэтычна. Выкарыстоўваюць Т. і тэрпеноіды (індывідуальна ці ў выглядзе шкіпінару, эфірных алеяў, смол) як кампаненты парфумных кампазіцый і харч. эсенцый, як лек. сродкі, растваральнікі, інсектыцыды, флатарэагенты і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 142

ТЭРПІНЕО́Л,

ненасычаны монацыклічны спірт класа тэрпенаў.

Вядомы 3 структурныя ізамеры: α-Т. (1-л-ментэн-8-ол), β-Т. (8-л-ментэн-1-ол) і γ-Т. [4(8)-лментэн-1-ол]. У прыродзе найб. пашыраны α-Т. — бясколерныя крышталі з пахам бэзу; ёсць у шкіпінары і многіх эфірных алеях (напр., памяранцавым, камфорным, гераніевым). У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй тэрпінгідрату (монагідрат л-ментан-1,8-дыолу) або прамой гідратацыяй α-пінену (гл. Пінен). Сінт. Т. — сумесь усіх ізамераў, у якой пераважае (±)-α-Т. — празрыстая бясколерная вадкасць (tпл 2 °C), tкіп 214—224 °C, шчыльн. 934—941 кг/м³. Выкарыстоўваюць як пахучае рэчыва (пах бэзу) і паўпрадукт для сінтэзу інш. пахучых рэчываў (напр., тэрпінілацэтату, які мае кветкавы пах і выкарыстоўваецца ў вытв-сці мыла), а таксама як кампанент харч. эсенцый, растваральнік, пластыфікатар, флатарэагент.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 142

ТЭРПСІХО́РА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз, апякунка танцаў. Яе ўяўлялі жанчынай з лірай і плектрам у руках. Паводле аднаго з міфаў, Т. — маці сірэн.

т. 16, с. 142

ТЭРСКЕ́Й-АЛА́-ТО́О, Тэрскей-Алатау,

хрыбет у Цянь-Шані, які абмяжоўвае з Пд Ісык-Кульскую катлавіну, у Кыргызстане. Даўж. 375 км. Выш. да 5216 м. Складзены з гранітаў, метамарфічных сланцаў, вапнякоў і інш. На паўн. схіле высакагорны рэльеф з трогамі, цыркамі, ледавікамі; паўд. схіл спадзісты, зліваецца з сыртамі Унутр. і Цэнтр. Цянь-Шаня. Пл. ледавікоў каля 1080 км². На паўн. схіле — яловыя лясы, высакагорныя лугі, на паўд. — камяністая тундра і высакагорная халодная пустыня.

т. 16, с. 142

ТЭРЦДЭ́ЦЫМА (італьян. terzodezima ад лац. tertia decima трынаццатая),

гл. ў арт. Інтэрвал у музыцы.

т. 16, с. 142