ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ.рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц.імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.