ТЭРПЕ́НЫ (ад грэч. terebinthos тэрпенцінавае дрэва),
пашыраныя ў прыродзе ненасычаныя вуглевадароды агульнай ф-лы (C5H8)n, дзе n > 2; адносяцца да ізапрэноідаў.
Паводле колькасці ізапрэнавых звёнаў падзяляюць на монатэрпены (n = 2), ці ўласна Т. (найб. пашыраныя), сэсквітэрпены (n = 3), дытэрпены (n = 4), трытэрпены (n = 6) і політэрпены (напр., каўчук натуральны). У кожнай групе Т. адрозніваюць аліфатычныя, ці ацыклічныя (з адкрытым ланцугом вугляродных атамаў), і карбацыклічныя злучэнні, якія падзяляюць на мона-, бі- і трыцыклічныя (адпаведна з 1, 2 і 3 карбацыкламі ў малекуле); ды-, тры- і політэрпены могуць мець больш за 3 цыклы. Т. выяўлены амаль ва ўсіх тканках раслін; звычайна ў эфірных алеях, шкіпінарах, бальзамах, смолах разам з Т. ёсць іх кіслародзамяшчальныя вытворныя — тэрпеноіды. Паводле характару функц. груп тэрпеноіды падзяляюць на спірты, альдэгіды, кетоны, эфіры, к-ты і інш. (напр., камфора, ментол, смаляныя кіслоты, тэрпінеол). Монатэрпены — бясколерныя вадкасці (tкіп 150—190 °C), сэсквітэрпены — бясколерныя вязкія вадкасці або легкаплаўкія крышт. рэчывы (tкіп 230—300 °C), для дытэрпенаў tкіп> 300 °C. Большасць Т. маюць шчыльн. < 1000 кг/м³. Усе Т. добра раствараюцца ў непалярных арган. растваральніках і раствараюць алеі, тлушчы і смолы, не раствараюцца ў вадзе. Многія аптычна актыўныя. Т. лёгка акісляюцца на паветры (асабліва на святле), ізамерызуюцца і полімерызуюцца, далучаюць галагены і галагенавадароды. Т. вылучаюць з прыроднай сыравіны перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі; індывід. Т. атрымліваюць з іх сумесей фракцыйнай рэктыфікацыяй у вакууме, вымарожваннем і інш. метадамі, а таксама сінтэтычна. Выкарыстоўваюць Т. і тэрпеноіды (індывідуальна ці ў выглядзе шкіпінару, эфірных алеяў, смол) як кампаненты парфумных кампазіцый і харч. эсенцый, як лек. сродкі, растваральнікі, інсектыцыды, флатарэагенты і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 16, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)