Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКУЛЬТЫ́ЗМ

(ад лац. occultus патаемны, скрыты),

агульная назва ідэаліст. вучэнняў і поглядаў, што прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навук. даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Да акультных вучэнняў адносяць магію, астралогію, спірытызм, тэасофію, парапсіхалогію, тэлепатыю, ёга і інш. У філас. плане блізкі да гілазаізму і пантэізму. Вядомы з часоў антычнасці. На розных этапах развіцця культуры быў у складаных узаемаадносінах з навукай, філасофіяй, рэлігіяй, мастацтвам.

т. 1, с. 216

АКУЛЯ́Р

(ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

т. 1, с. 216

АКУЛЯ́РЫ,

найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).

т. 1, с. 216

АКУЛЯ́РЫ ПАЛЯРО́ІДНЫЯ,

акуляры палярызацыйныя, акуляры, у аправу якіх устаўлены палярызацыйныя святлафільтры (паляроіды). Прызначаны для паасобнага назірання стэрэапары абодвума вокамі (кожнае вока бачыць толькі тую выяву стэрэапары, якая прызначана для гэтага вока). Выкарыстоўваюць для прагляду чорна-белых і каляровых стэрэаскапічных фотавыяў і кінафільмаў, якія праецыруюцца праз палярызацыйныя святлафільтры.

т. 1, с. 216

АКУМЕ́ТРЫЯ,

гл. Аўдыяметрыя.

т. 1, с. 216

АКУМУЛЯ́ТАР,

прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.

Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш. Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш. Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.

т. 1, с. 216

АКУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

намыўныя раўніны, наносныя раўніны, выраўнаваныя паверхні, утвораныя ў выніку працяглага намнажэння (акумуляцыі) рыхлых асадкавых горных парод рознага паходжання. Адрозніваюць марскога (раўніны марской акумуляцыі, або першасныя), рачнога (алювіяльныя), азёрнага (азёрныя), ледавіковага (марэнныя, флювіягляцыяльныя, або зандравыя, раўніны) паходжання; вылучаюць таксама падводныя акумулятыўныя раўніны (гл. Абісальныя раўніны).

т. 1, с. 217

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл. Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.

т. 1, с. 217

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах, назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

т. 1, с. 217

АКУНЕПАДО́БНЫЯ

(Perciformes),

самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).

Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.

т. 1, с. 217