АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл. Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)