Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІ́-БЕЙ АЛЬ-КАБІ́Р, Алі-бей (1728, Абхазія — 8.5.1773),

правіцель Егіпта з 1757. Дзіцем прададзены ў рабства. У Егіпце з 1747, воін-раб (мамлюк) правіцеля краіны Ібрахіма Кетходы, у 1748 атрымаў свабоду, стаў беем. У час руска-турэцкай вайны 1768—74 узняў паўстанне супраць Турцыі. У 1770 абвясціў незалежнасць Егіпта і стаў яго султанам. У 1771 заваяваў амаль усю Сірыю. У 1773 разбіты мяцежнікамі, паранены і ўзяты ў палон. Памёр ад ран.

т. 1, с. 254

АЛІ́-ПАША́ ТЭПЕЛЕ́НСКІ

(Ali Pashë Tepelena),

Алі-паша Янінскі (каля 1744, г. Тэпелена, Албанія — 5.2.1822), албанскі феадал, правіцель (з 1787) на значнай тэр. Балканскага п-ва (уключала ч. тэр. Албаніі і Грэцыі, цэнтр г. Яніна). Дамогся ад тур. султана фактычнай незалежнасці, меў армію і флот. У ліп. 1820 тур. султан Махмуд II пачаў супраць яго вайну. Алі-паша Тэпеленскі быў забіты, а дзяржава яго распалася.

т. 1, с. 260

А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ

(604 ?, Мекка — 24.1.661),

чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.

т. 1, с. 253

АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,

хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.

Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.

Ф.М.Гайдук, Г.А.Маслыка.

т. 1, с. 262

АЛКАГАЛЯ́ТЫ,

прадукты замяшчэння металам атама вадароду гідраксільнай групы спіртоў, М (OAlk)n (n — ступень акіслення металу). Алкагаляты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў першасных і другасных спіртоў — іонныя злучэнні, раствараюцца ў спіртах і аміяку, іх растворы электраправодныя, няўстойлівыя ў прысутнасці вады, вуглякіслага газу, кіслароду. Алкагаляты металаў III—VIII групы — кавалентныя злучэнні, гіграскапічныя, лятучыя, нізкаплаўкія, растваральныя ў арган. растваральніках. Выкарыстоўваюць як каталізатары, алкаксільныя рэагенты, для атрымання асабліва чыстых аксідаў і гідраксідаў металаў.

т. 1, с. 262

АЛКАГО́ЛІ,

гл. ў арт. Спірты.

т. 1, с. 262

АЛКАГО́ЛЬНЫЯ НАПІ́ТКІ, спіртныя напіткі,

напіткі, у састаў якіх уваходзіць алкаголь (этылавы спірт). Моцныя алкагольныя напіткі: гарэлка, каньяк, джын, віскі, ром, наліўкі, настойкі, лікёры — маюць ад 60 да 20% спірту, віно вінаграднае і пладова-ягаднае — ад 20 да 9% (гл. табл.). Змешаныя алкагольныя напіткі гатуюць непасрэдна перад ужываннем (кактэйлі, крушоны, глінтвейны); у залежнасці ад рэцэптаў прыгатавання маюць розную колькасць алкаголю. Да слабых алкагольных напіткаў адносіцца піва.

Для прыгатавання алкагольных напіткаў выкарыстоўваюцца спірт вышэйшага гатунку, памякчаная вада, часам сокі фруктаў і ягад, эсенцыі ягадныя і фруктовыя (пераважна штучныя), настоі духмяных траў, карэнняў, лісця, кветак, лупіны цытрусавых, вострыя прыправы. Тэхналогія прыгатавання моцных алкагольных напіткаў уключае разбаўленне, моцнага віна — дабаўленне спірту да патрэбнага мацунку. У сталовым сухім белым ці чырв. віне спірт толькі натуральнага зброджвання. Алкагольныя напіткі аказваюць на чалавека дзеянне ад танізавальнага да разбуральнага, з дэградацыяй асобы пры алкагалізме.

Класіфікацыя алкагольных напіткаў
Алкагольныя напіткі Колькасць
спірту, % цукру (г/100 мл)
Спірт этылавы рэктыфікацыйны 95,5−96,8
Каньякі 40−57 0,7−1,5
Гарэлка 40−56 0,1−0,2
Віскі 50−52
Джын 44−45
Ром 40−60 1,5−2,0
Вінаграднае віно 9−20 0−32
Пладова−ягаднае віно 9−20 0−20
Лікёры 25−45 32−50
Настойкі 16−40 4−30
Наліўкі 18−20 28−40
Настойкі горкія і бальзамы 30−60

т. 1, с. 262

АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,

вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).

Ф.М.Гайдук.

т. 1, с. 262

АЛКАЛО́ІДЫ

(ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),

група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.

Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.

Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).

Літ.:

Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;

Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;

Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 262

АЛКАМЕ́Н

(Alkamenēs),

старажытнагрэчаскі скульптар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Працаваў у Афінах. Вучань Фідыя, ад якога пераняў прынцып адзінай пластычнай трактоўкі цела і вопраткі («Афрадыта ў садах», копія). Захаваліся копіі статуі Гермеса Прапілейскага, скульпт. група «Прокна і Ітыс».

Алкамен. Прокна і Ітыс. 2-я пал. 5 ст. да н.э.

т. 1, с. 263