Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУЗ, Туз-Гёлю (Tuz Gölü),

бяссцёкавае салёнае возера на Анаталійскім пласкагор’і, у Турцыі. Размешчана на выш. 899 м, пл. зімой і вясной 1,6—2,5 тыс. км², глыб. да 2 м (летам перасыхае, дно ўкрываецца скарынкай солі). Солі (пераважна NaCl) у вадзе да 34% аб’ёму. Дно гліністае, каля паўд. і зах. берагоў — саланчакі. На ўсх. узбярэжжы здабыча кухоннай солі.

т. 16, с. 22

ТУ́ЗАВА Раіса Уладзіміраўна (н. 24.1.1924, Масква),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1964), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т мясной прам-сці (1947). З 1952 працавала ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1956 — у Бел. н.-д. вет. ін-це. З 1964 працуе ў Бел. пед. ун-це, адначасова ў Бел. н.-д. вет. ін-це. Навук. працы па праблемах этыялогіі, патагенезу, імунагенезу, эпізааталогіі і вакцынапрафілактыкі бруцэлёзу і туберкулёзу с.-г. жывёл.

Тв.:

Микробные и вирусные заболевания животных. опасные для человека (зоонозы). Мн., 1969;

Туберкулез крупного рогатого скота, методы его диагностики и профилактики. Мн., 1978;

Туберкулез сельскохозяйственных животных и птицы. Мн., 1983;

Кароткі тлумачальны слоўнік тэрмінаў па мікрабіялогіі. Мн., 1991 (разам з К.​М.​Панюціч).

т. 16, с. 22

Тузава Тамара Міхайлаўна

т. 18, кн. 1, с. 463

ТУ́ЗІКАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 5.9.1958, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне матэм. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1980). З 1980 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1989 у БДУ. Навук. працы па матэм. метадах лічбавай апрацоўкі відарысаў, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў метады рашэння шматкрытэрыяльных задач тэорыі раскладаў, алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу выпуклых аб’ектаў адвольнай размернасці. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Анализ симметричности и сравнение объектов на основе сложения Минковского. Мн., 1998;

Меры сходства выпуклых многоугольников (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 2.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 22

ТУ́ЗІН (польскае tuzin),

камплект з 12 аднолькавых прадметаў. Выраз «чортаў Т.» абазначае нешчаслівы лік — 13.

т. 16, с. 22

ТУ́ЗЛА (Tuzla),

горад у Босніі і Герцагавіне. Каля 100 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Прам-сць: с.-г. машынабудаванне, хім., дрэваапр., гарбарная, харчовая. Цэнтр горнапрамысл. раёна (здабыча вугалю, кухоннай солі, нафты). Ун-т. Арх. помнікі: мячэць (15 ст.) з мінарэтам, званіца (15 ст.).

т. 16, с. 22

ТУ́КАВАЯ СЕ́ЯЛКА,

навясная або прычапная машына (сеялка) для рассейвання па паверхні поля мінер. угнаенняў (тукаў) перад ворывам або культывацыяй, а таксама для падкормкі збожжавых культур і траў. Найб. пашыраны Т.с. з талерчатым высявальным апаратам (талеркі круцяцца ад апорна-прывадных колаў).

Талерчаты высявальны апарат тукавай сеялкі: 1 — тукавая скрыня; 2 — высявальная талерка; 3 — скідвальнікі ўгнаенняў.

т. 16, с. 22

ТУКА́Н (лац. Tucana),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Т. размешчаны адзін са спадарожнікаў нашай Галактыкі — Малое Магеланава воблака — і вельмі яркае шаравое зорнае скопішча. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 16, с. 22

ТУКА́НАВЫЯ, перцаедныя (Rhamphastidae),

сямейства птушак атр. дзятлападобных. 5—7 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Гняздуюцца ў дуплах. 1 від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 63 см, маса да 300 г. Афарбоўка апярэння кантрастная, пераважае чорны колер з яркімі ўчасткамі жоўтага, зялёнага. чырв. і інш.; у дробных відаў пераважаюць адценні зялёнага. Дзюба вял. (часам амаль роўная даўж. цела), лёгкая ( з пнеўматычнымі поласцямі), сціснутая з бакоў, ярка афарбаваная, загнутая ўніз; краі зазубраныя. Язык доўгі, вузкі, яго канец і краі махрыстыя. Крылы кароткія, шырокія. Хвост у большасці відаў кароткі. Ногі вял., моцныя. Расліннаедныя, могуць паядаць таксама насякомых, малюскаў. яшчарак і інш. Манагамы. Адкладваюць да 4 яец. Лёгка прыручаюцца. Аб’ект промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Туканавыя: 1 — тока, або вялікі; 2 — туканчык ізумрудны, або зялёны; 3 — тукан рыбны; 4 — арасары зялёны; 5 — арасары стракаты.

т. 16, с. 22

ТУ́КІ,

тое, што ўгнаенні.

т. 16, с. 23