Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ

(Salmoniformes),

атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.

Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.

т. 9, с. 143

ЛАСО́СНА, Ласасянка,

рака ў Польшчы і Гродзенскім р-не Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 468 км2 Пачынаецца ў Польшчы, недалёка ад в. Брузгі перасякае дзярж. мяжу. Асн. прытокі на Беларусі — Каменка (справа) і Татарка (злева). Даліна выразная. Пойма перарывістая, шыр. 50—150 м. Рэчышча звілістае, шыр. ад 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні да 20—25 м у ніжнім. Створаны вадасх. Юбілейнае возера, 2 сажалкі.

т. 9, с. 144

ЛАСО́СНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (цячэ праз возера), за 45 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,25 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 620 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Схілы катлавіны выш. да 4 м, пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 144

ЛАСО́СЬ-ТАЙМЕ́НЬ,

гл. Кумжа.

т. 9, с. 144

ЛАСО́СЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ,

гл. Сёмга.

т. 9, с. 144

ЛА́СТАВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Ластавец,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 4 км на ПдУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,2 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 7,25 км2. Схілы катлавіны выш. 10—20 м, у верхняй ч. разараныя, на Пн пад хмызняком. На Пн выцякае ручай у возера без назвы.

т. 9, с. 144

ЛАСТАНО́ГІЯ

(Pinnipedia),

атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.

Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.

т. 9, с. 144

ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.

т. 9, с. 144

«ЛА́СТАЎЧЫНЫ ГНЁЗДЫ»,

гнёзды некаторых відаў саланган — птушак падатр. стрыжоў, падобныя да ластаўчыных (адсюль назва). Пабудаваны з выдзяленняў пад’язычных слінных залоз. Саланганы прымацоўваюць іх пад столлю ў глыбіні высокіх пячор і гротаў. У некат. краінах Паўд.-Усх. Азіі «Л.г.» — далікатэс.

т. 9, с. 144

ЛАСТО́ЎСКІ Вацлаў Юсцінавіч

(8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар. Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад. АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ. «Наша ніва», рэдагаваў час. «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ. «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл. Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел. дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз. чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел. АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел. АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.

Літ.:

Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.

Я.Я.Янушкевіч.

В.Ю.Ластоўскі.
Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.

т. 9, с. 144