ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ

(Salmoniformes),

атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.

Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)