Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.Н.Жданоўская, Г.П.Астапенка.

т. 1, с. 237

АЛЕ́ЙНІК Барыс Ільіч

(н. 22.10.1935, с. Зачапілаўка Новасанжарскага р-на Палтаўскай вобл.),

украінскі паэт. Акад. АН Украіны (з 1990). Скончыў Кіеўскі ун-т (1958). Паэтызуе стваральную працу, прыгажосць прыроды, героіку сучаснасці і гіст. мінулага Украіны. Аўтар зб-каў паэзіі «Сталь загартоўваюць кавалі» (1962), «Кола» (1968), «На лініі цішыні» (1972), «Ісціна» (1976), «Мера» (1984), кн. літ.-крытычных артыкулаў «Планета паэзіі» (1983), публіцыст. кн. «Князь цемры: Два гады ў Крамлі» (1993) і інш. За зб. «Стаю на зямлі» (1973) Дзярж. прэмія СССР 1975, за зб-кі «Сівая ластаўка» (1979), «У люстры слова» (1981), «Дума аб горадзе» (1982). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1983, за публіцыст. творы і цыкл вершаў «Скаварада і свет» (1994) Міжнар. прэмія імя Г.Скаварады 1994. Перакладаў на ўкр. мову творы Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Куляшова. Кнігу выбр. вершаў і паэм Алейніка на бел. мову пераклаў Бураўкін.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1985;

Бел. пер. — Заклінанне агню. Мн., 1979.

В.А.Чабаненка.

Б.І.Алейнік.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК Дзмітрый Іванавіч

(н. 11.5.1929, г. Беразіно),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960, вучыўся ў В.Волкава, У.Сухаверхава, В.Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.Казакевічам) і інш.

Т.А.Карповіч.

Дз.Алейнік. Вясна. Порт. 1963.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК Сцяпан Іванавіч

(3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),

украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед. ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ, 1978;

Бел. пер. — Гумар і сатыра. Мн., 1959;

Цуд у чаравіку. Мн., 1970.

В.А.Чабаненка.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК Уладзімір Пятровіч

(н. 12.9.1959, г. Смалявічы),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду з вышкі). Сярэбраны (1980, Масква) і бронзавы (1976, Манрэаль) прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы (1977), СССР (1976, 1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ Павел Раманавіч

(снеж. 1917, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл. — 18.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Малодшы камандзір Алейнікаў вызначыўся ў лютым 1940 у баях у раёне пас. Краснасельскае Выбаргскага р-на. У Вял. Айч. вайну на Паўд. і 3-м Бел. франтах. Загінуў у баі.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ Пётр Марцінавіч

(12.7.1914, в. Крывель Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.6.1965),

рус. кінаакцёр. Скончыў Ін-т сцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1935). З 1932 здымаўся ў кіно. Яго героі — абаяльныя маладыя хлопцы, нястомныя гумарысты, адданыя сябры, добрыя і высакародныя: Малібога («Сямёра смелых»), Пётр Алейнікаў («Камсамольск»), Ваня Курскі («Вялікае жыццё»), Саўка («Трактарысты»), танкіст («Беларускія навелы») і інш. Творчаму шляху Алейнікава прысвечаны фільм «Пётр Марцінавіч і гады вялікага жыцця».

П.М.Алейнікаў.
П.М.Алейнікаў (у цэнтры) у ролі Малібогі (фільм «Сямёра смелых»).

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ Сяргей Пятровіч

(4.2.1909, в. Зацішша Магілёўскага р-на — 1.2.1984),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскую школу ВПС (1930). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 на фронце. Штурман авіяцыі далёкага дзеяння маёр Алейнікаў зрабіў 240 вылетаў на разведку і бамбардзіроўку аб’ектаў праціўніка, удзельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, Арлом, Ленінградам, на Беларусі, у Германіі. Да 1947 у ВПС.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ Сяргей Яўгенавіч

(н. 7.11.1961, Мінск),

бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел. ін-т фіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян. прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.Беленькім).

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюцца для атрымання алею. Назапашваюць алей пераважна ў насенні і пладах, некаторыя ў клубеньчыках (чуфа); у вадкім (травяністыя алейныя культуры, масліна, тунг) і цвёрдым (пальма, какава, васковае дрэва) стане. Культывуецца каля 50 відаў. У сусв. земляробстве найб. пашыраны соя, арахіс, сланечнік, масліна, рапс, кунжут, клешчавіна. На Беларусі вырошчваюць лён, сланечнік, каноплі (у іх насенні да 40% алею), але пераважна як тэхнічныя культуры. Гл. таксама Эфіраалейныя культуры.

т. 1, с. 238