АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ,
праактынамікоз, псеўдаактынамікоз, хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.
т. 1, с. 212
АКТЫНАЛІ́Т
(ад актына... + ..літ),
мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.
т. 1, с. 212
АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ
(ад актына... + ...метрыя),
раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.
М.А.Гольберг.
т. 1, с. 212
АКТЫНАМІКО́З
(ад актына... + ...мікоз),
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл. актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.
М.З.Ягоўдзік.
т. 1, с. 212
АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ,
прамянёвыя грыбкі, група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.
Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.
т. 1, с. 212
АКТЫНАФА́ГІ,
вірусы актынаміцэтаў і роднасных ім мікраарганізмаў. Выклікаюць спантаннае разбурэнне (лізіс) грыбкоў, што наносіць значную шкоду вытв-сці антыбіётыкаў.
т. 1, с. 212
АКТЫНІ́ДЫЯ
(Actinidia),
род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).
Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.
т. 1, с. 212
АКТЫ́НІІ,
марскія анемоны (Actiniaria), атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.
Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.
т. 1, с. 212