АКТЫНАЛІ́Т

(ад актына... + ..літ),

мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe​2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)