АКСЕЛЕРА́ТАР у эканоміцы, эканамічны паказчык, які характарызуе сувязь паміж аб’ёмам капіталаўкладанняў і велічынёй спажывецкіх выдаткаў у эканоміцы. Істотны рост спажывецкіх выдаткаў стымулюе інвестыцыйную актыўнасць і наадварот. Акселератар разам з мультыплікатарам выкарыстоўваецца для выяўлення сутнасці і фактараў макраэканам. нестабільнасці пры дзярж. рэгуляванні рыначнай эканомікі. Прынцып акселератара прапанаваны ў 1913 А.Афтальёнам і ўключаны ў неакейнсіянскія мадэлі эканам. росту.
т. 1, с. 204
АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ,
акцэлерацыя, 1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.
2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.
т. 1, с. 204
АКСЕЛЕРО́МЕТР
(ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
т. 1, с. 204
АКСЕЛЬБА́НТ
(ням. Achselband),
ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.
т. 1, с. 205
АКСЕЛЬРО́Д Зэлік Майсеевіч
(30.12.1904, г. Маладзечна — 26.6.1941),
яўр. паэт. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя Брусава (1922—25), скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1928). З 1931 адказны сакратар час. «Штэрн» («Зорка»). У 1941 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар паэт. зб-каў «Трапятанне» (1922), «Вершы» (1932), «Зноў вершы» (1935), «З вока на вока» (1937), «Чырвонаармейскія песні» (1939). Пераклаў на яўр. мову паэмы Я.Купалы «Бандароўна», П.Броўкі «Прамова фактамі», вершы Я.Купалы, А.Александровіча, Броўкі, М.Танка і інш.
т. 1, с. 205
АКСЕЛЬРО́Д
(літ. псеўд. Ортодокс) Любоў Ісакаўна (1868 — 5.2.1946),
расійскі філосаф і літаратуразнавец. Скончыла Бернскі ун-т (1900). З 1884 удзельнічала ў рэв. руху. У 1887 эмігрыравала ў Францыю, з 1892 прыхільнік марксісцкай групы «Вызваленне працы», паслядоўніца Г.В.Пляханава. У 1903 прымкнула да меншавікоў. Супрацоўнічала ў час. «Заря», у газ. «Искра». У 1906 вярнулася ў Расію. Распрацоўвала пытанні эстэтыкі, гісторыі філасофіі і гіст. матэрыялізму. Аўтар прац «У абарону дыялектычнага матэрыялізму. Супраць схаластыкі» (1928), «Ідэалістычная дыялектыка Гегеля і матэрыялістычная дыялектыка Маркса» (1934) і інш. Даследавала пытанні сацыялогіі мастацтва.
т. 1, с. 205
«А́КСЕЛЬ ШПРЫ́НГЕР ФЕРЛА́Г АГ»
(Axel Springer Verlag AG),
газетна-выдавецкі канцэрн у Германіі, самы буйны ў Зах. Еўропе. Засн. ў 1947 у Гамбургу А.Шпрынгерам. З 1970 акцыянернае т-ва. Выдае грамадска-паліт. і спецыялізаваныя газеты і часопісы. Мае навук. кніжнае выд-ва.
т. 1, с. 204
А́КСЕР
(Axer) Эрвін (н. 1.1.1917, Вена),
польскі рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.Лютоўскага, «Танга» С.Мрожака, «Кардыян» Ю.Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Тры сястры» А.Чэхава, «Мухі» Ж.П.Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.
т. 1, с. 205