АКСЕЛЕРО́МЕТР
(ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)