Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРУЙ Вікенцій Фёдаравіч

(8.7.1912, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.7.1985),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952). У 1939—41 саліст ансамбля БВА. У 1944—48 і з 1950 саліст хору, у 1959—78 саліст оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст вострахарактарнага плана, стварыў запамінальныя вобразы ў операх класічнага і сучаснага рэпертуару: Бамелій («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Ярошка («Князь Ігар»А.Барадзіна), Шуйскі і Місаіл, Пад’ячы («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Жэром («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Стары Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Радрыга («Атэла» Дж.Вердзі); у нац. операх — Нупрэй і Мільчык («Яснае світанне» А.Туранкова), Жабрак («Зорка Венера» Ю.Семянякі); выканаў партыі ў аперэтах І.Штрауса «Лятучая мыш» (Айзенштайн) і «Цыганскі барон» (Стэфан).

А.Я.Ракава.

т. 3, с. 265

БРУЙ Фёдар Піліпавіч

(2.10.1907, в. Іванскія Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1982),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў вышэйшыя афіцэрскія курсы «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1929. З вер. 1942 на Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік баёў на Курскай дузе. Камандзір батальёна маёр Бруй вызначыўся пры вызваленні Украіны: 25—28.9.1943 батальён пад яго камандаваннем на падыходзе да Кіева вызваліў некалькі нас. пунктаў, фарсіраваў Дняпро, на плацдарме адбіў 10 контратак ворага. Да 1955 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 265

БРУК Абрам Якаўлевіч

(15.2.1867—1942),

бел. афтальмолаг. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1892). У 1899 адкрыў на дабрачынныя сродкі і ўзначаліў вочную лячэбніцу ў Гомелі (з 1934 трахаматозна-вочны ін-т, дырэктарам якога быў да 1941). Навук. працы па вывучэнні трахомы садзейнічалі ліквідацыі хваробы на Беларусі.

т. 3, с. 265

БРУК (Brook) Пітэр

(н. 21.3.1925, Лондан),

англійскі рэжысёр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1943 у Лондане. У Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (з 1962 адзін з кіраўнікоў т-ра) паставіў п’есы У.Шэкспіра «Мера за меру», «Зімовая казка», «Гамлет», «Кароль Лір» і інш. Працаваў у драм. т-рах Лондана, Бірмінгема, Парыжа. Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1944 працуе ў кіно. Сярод фільмаў: «Опера жабракоў» (1953), «Мадэрата кантабіле» (1960), «Уладар мух» (1962), «Кароль Лір» (1971), «Трагедыя Кармэн» (1984). З 1971 кіраўнік Міжнар. цэнтра тэатр. даследаванняў у Парыжы.

т. 3, с. 265

БРУК Саламон Ільіч

(н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

рускі этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1987), д-р геагр. н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 3, с. 265

БРУКІ́Т

(ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),

мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.

т. 3, с. 265

БРУ́КЛІН

(Brooklyn),

адміністрацыйны раён г. Нью-Йорк; на З в-ва Лонг-Айленд; тэрытарыяльна супадае з графствам Кент. Каля 3 млн. ж. (1990). З цэнтрам горада (в-аў Манхатан) злучаны мастамі і тунэлямі. Пераважаюць жылыя кварталы. Буйны порт. Лёгкая (у т. л. швейная, тэкст., гарбарна-абутковая), харч., металаапр., маш.-буд., хім. прам-сць. Суднабудаванне. Бруклінскі ін-т мастацтваў і навук. Лонг-Айлендскі ун-т.

т. 3, с. 265

БРУ́КНЕР (Brückner) Аляксандр

(29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),

польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф. слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).

Літ.:

Aleksander Brückner, 1856—1939. Warszawa, 1989.

т. 3, с. 265

БРУ́КНЕР (Bruckner) Антон

(4.9.1824, Ансфельдэн, каля г. Лінц, Аўстрыя — 11.10.1896),

аўстрыйскі кампазітар, арганіст. Адзін з буйнейшых сімфаністаў і поліфаністаў 19 ст. З 1848 арганіст у манастыры св. Фларыяна (каля Лінца), з 1853 — у Лінцкім саборы. З 1868 у Вене. Выкладаў у Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва (праф. з 1871), з 1875 і праф. Венскага ун-та (з 1891 ганаровы д-р). Сярод вучняў: Г.Малер, А.Нікіш, Ф.Клозе. Пры жыцці вядомы як імправізатар-арганіст (канцэртаваў у Францыі, Англіі, Швейцарыі). У сваёй творчасці спалучыў дасягненні позняга рамантызму ў галіне муз. мовы з класічнымі прынцыпамі формаўтварэння. Пантэістычнае светаўспрыняцце і ярка выяўлены этычны пачатак творчасці вызначылі велічны і ўзнёслы характар яго музыкі. Сярод твораў: Рэквіем (1849), 4 месы, Те deum (1884), Магніфікат (1852) для салістаў, хору і арк.; 11 сімфоній (1863—1896); стр. квінтэт; інстр. п’есы, у т. л. для аргана; матэты, псалмы, рамансы, хары і інш.

Літ.:

Белецкий И. Антон Брукнер, 1824—1896: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1979.

т. 3, с. 265

БРУ́КСА ХРЫБЕ́Т

(Brooks Range),

горны хрыбет на Пн Аляскі, у ЗША. Працягласць з З на У каля 1000 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. — 2816 м (г. Майклсан). Вяршыні ў форме грабянёў, схілы скалістыя. Глыбока расчлянёны далінамі рэк. Складзены з вапнякоў, сланцаў, кварцытаў. Невял. ледавікі. Большую ч. года ўкрыты снегам. Горныя тундры, камяністыя россыпы.

т. 3, с. 266