БРУКІ́Т

(ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),

мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)