БРУЙ (Вікенцій Фёдаравіч) (8.7.1912, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.7.1985),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952). У 1939—41 саліст ансамбля БВА. У 1944—48 і з 1950 саліст хору, у 1959—78 саліст оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст вострахарактарнага плана, стварыў запамінальныя вобразы ў операх класічнага і сучаснага рэпертуару: Бамелій («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ярошка («Князь Ігар»А.​Барадзіна), Шуйскі і Місаіл, Пад’ячы («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Жэром («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Стары Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Радрыга («Атэла» Дж.​Вердзі); у нац. операх — Нупрэй і Мільчык («Яснае світанне» А.​Туранкова), Жабрак («Зорка Венера» Ю.​Семянякі); выканаў партыі ў аперэтах І.​Штрауса «Лятучая мыш» (Айзенштайн) і «Цыганскі барон» (Стэфан).

А.​Я.​Ракава.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)